Сябры БХД зварухнулі з мёртвай кропкі сітуацыю з чыстай вадой у Менску

19 кастрычніка 2017 15:04  |  Галоўныя навіны

Сябры БХД зварухнулі з мёртвай кропкі сітуацыю з чыстай вадой у Менску

 

18 кастрычніка сябры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў межах кампаніі «За чыстую ваду», якую пры падтрымцы кампаніі «Права выбару» праводзіць будучы прамоўца БХД Таццяна Усіновіч, сустрэліся з дырэктарам Менсквадаканалу Алегам Аўруціным наконт сітуацыі з пераводам гораду на артэзіянскую ваду. Нагадаем, што за тое, каб перавесці Менск цалкам на артэзіянскую ваду, былі сабраныя тысячы подпісаў, але праца дагэтуль з месца не варушылася.

Сёлета Менсквадаканал па даручэнні Менгарвыканкаму распрацоўваў праектна-каштарысную дакументацыю, каб вызначыцца, па якой схеме будзе весціся праца па гэтым накірунку. Па выніках сустрэчы з Алегам Аўруціным стала вядома, што прыняты праект па пераводзе Менску на артэзіянскую ваду.

Праект прадугледжвае, што існуючыя водазаборы паўднёвай групы будуць перабурвацца, каб павялічыць іх магчымасці па заборы вады, а таксама будуць прабурвацца новыя свідравіны. За кошт гэтага плануецца цалкам забяспечыць Менск артэзіянскай вадой. Праект ужо зацверджаны. Фактычна ён не прадугледжвае будаўніцтва чагосьці новага, але мадэрнізацыю ўжо існуючых водазабораў. Таксама будуць будавацца новыя станцыі абезжалезвання і ачысткі, каб можна было апрацаваць новыя аб’ёмы вады.

Аднак праблема ў тым, што не вызначана, адкуль будуць брацца грошы на рэалізацыю гэтага праекту. За гэта адказны Менгарвыканкам, якому перадаў свае распрацоўкі вадаканал.

«Таму задача зараз грамадскасці – аказваць ціск на Менгарвыканкам і нацыянальныя ўлады, каб у наступным годзе былі прынятыя і зацверджаныя рашэнні адносна фінансавання гэтага праекту. Па словах кіраўніка вадаканалу, ён сам бюджэтны з чатырох прапанаваных. Так што, забяспечыць Менск артэзіянскай вадой магчыма і ўсё для гэтага ёсць”, – адзначыў кіраўнік БХД у Менску Дзяніс Садоўскі.

На пытанне, ці магчыма, каб гэтыя працы завяршыліся да 2030 года, дырэктар вадаканалу заявіў, што гэта залежыць ад фінансавання. Але, паводле яго, гэта магчыма, аднак залежыць перадусім ад Менгарвыканкаму. «Таму кампанія хрысціянскіх дэмакратаў «За чыстую ваду» працягваецца, ёсць канкрэтны вынік – сітуацыя зварухнулася з мёртвай кропкі. Але мы будзем і надалей падымаць гэтае пытанне, каб сапраўды дамагчыся чыстай вады для Менску», – заявіў Дзяніс Садоўскі.

Болей навін