Заява БХД: Рукі прэч ад беларускіх гімназій!
Беларуская хрысціянская дэмакратыя асуджае планы беларускіх уладаў, уключана з міністрам адукацыі камуністам Ігарам Карпенкам і віцэ-прэм’ерам Васілём Жарко, дэ-факта ліквідаваць гімназіі ў Беларусі, пакінуўшы гімназічнае навучанне толькі ў 10-11 класах.
Замест таго, каб вырашаць існуючыя праблемы ў сістэме адукацыі і змагацца з карупцыяй, у тым ліку пры паступленні ў гімназіі, беларускія чыноўнікі ў лепшых традыцыях савецкага камуністычнага таталітарызму вырашаюць па-просту скасаваць гімназічнае навучанне і штучна ды прымусова ўраўнаваць пячорнымі метадамі адукацыю для ўсіх дзяцей. Пры гэтым не ўзровень адукацыі ў звычайных школах будзе падымацца да ўзроўню гімназій, а апусцяць узровень адукацыі ў гімназіях. У прыватнасці, вучняў гімназій у час глабалізацыі і кампутарных тэхналогій збіраюцца пазбавіць двух дадатковых урокаў замежнай мовы на тыдзень і аднаго дадатковага ўроку матэматыкі. Пытанне развіцця беларускай эканомікі ў такіх умовах застаецца рытарычным.
Замест таго, каб уводзіць перадавыя метады навучання, каб скасаваць нікому не патрэбныя піянерую і БРСМ, каб не мяняць неабдумана і неабгрунтавана праграмы да таго ж без выпуску адпаведных падручнікаў, каб пазбавіць настаўнікаў неўласцівых ім функцый і каб павысіць ім заробкі для росту прэстыжу прафесіі, улады бяруць сякеру і раўняюць беларускіх дзяцей пад адзіны, пракрустаў памер. Менавіта непрафесіяналізм чыноўнікаў ад адукацыі, а не паступленне ў гімназіі з’яўляюцца стрэсам для беларускіх дзяцей, а таксама для іх бацькоў і настаўнікаў. Рукі прэч ад беларускіх гімназій!
БХД таксама звяртаецца да беларускіх настаўнікаў. Неўзабаве ў Беларусі адбудзецца выбарчая кампанія ў мясцовыя саветы. Па традыцыі, многія з вас стануць членамі выбарчых камісій, у тым ліку ўчастковых. Менавіта ад вас будзе залежыць тое, як будзе жыць надалей Беларусь, якой будзе адукацыя і ці застануцца ў краіне гімназіі. Таму ў межах кампаніі “Права выбару” заклікаем вас да адкрытага і празрыстага падліку галасоў, каб кожны прысутны на ўчастку мог бачыць, за каго аддадзены кожны канкрэтны голас! Заклікаем вас не перашкаджаць працы назіральнікаў і не дапускаць фальсіфікацый, накручвання яўкі і прымусу да датэрміновага галасавання! Калі чыноўнікам будзе пагражаць магчымасць не быць пераабранымі, яны не змогуць ігнараваць меркаванні грамадзян, у тым ліку ў пытанні адукацыі.