Адкрытасць і дэмакратычнасць выбарчага працэсу зноўку пад пагрозай

21 лістапада 2017 09:52  |  Галоўныя навіны

Адкрытасць і дэмакратычнасць выбарчага працэсу зноўку пад пагрозай

 

Арганізацыі заснавальнікі кампаніі назірання “Права выбару-2018” заяўляюць пра адсутнасць прагрэсу ў пытаннях арганізацыі выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца вынікі пасяджэння Цэнтрвыбаркама, якое адбылося 15 лістапада.

Нагадаем, што па выніках першага пасяджэння ЦВК стала зразумела, што працэдуры выбарчай кампаніі, інструкцыі для выканкамаў і выбаркамаў застаюцца ранейшымі.

Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў лічыць, што выбарчая кампанія пройдзе для ўлады без лішняга шуму:

– Па-першае, на мясцовых выбарах не будзе назіральнікаў АБСЕ і гэта адна з прычын, чаму ўлада будзе спрабаваць правесці мясцовыя выбары “стэрыльна”, без лішняга шуму. Праблемай, як для ўлады, так і для людзей з’яўляецца тое, што людзі не бачаць сэнсу ў працы праўладных дэпутатаў. Наша мэта – праз працу нашых патэнцыйных кандыдатаў вярнуць людзям веру ў дэпутатаў, што яны сапраўдныя прадстаўнікі народа, а не прызначэнцы.

Палітык адзначае, што за некалькі месяцаў да выбараў кампаніія “Права выбару-2018” запусціла 100 кампаній кандыдатаў з мэтай прыцягнуць увагу да выбараў і папоўніць свае шэрагі новымі назіральнікамі.

– У цэлым кампаніі ідуць паспяхова. Шмат якіх з іх ужо прыносяць карысць і на мясцовым узроўні нашы будучыя кандыдаты ў дэпутаты паспяхова вырашаюць мясцовыя праблемы – рамонт двароў, бяспеку дарожнага руху, рамонт дамоў ці запуск новых маршрутаў грамадскага транспарту. Цяпер задача будучых кандыдатаў паспяхова прайсці рэгістрацыю і арганізаваць назіранне на сваіх выбарчых учатках.

Лідэр Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі лічыць, што Лідзія Ярмошына ў чарговы раз забяспечыць элегантную перамогу праўладным кандыдатам:

– Рэжым у чарговы раз паказаў, што не гатовы мяняцца і працуе выключна на ўтрыманне ўлады. Усе нашыя прапановы па зменах Выбарчага кодэкса і правапрымяняльнай практыкі былі праігнараваныя. Калі нехта з замежных палітыкаў усё яшчэ лічыць, што ў нас адбываюцца нейкія паляпшэнні ў пытаннях арганізацыі і правядзенні выбараў, то 18 лютага яны мусяць пераканацца ў сваёй памылковасці ў чарговы раз – гэты рэжым не гатовы мяняцца.

 Тым часам Віталь Рымашэўскі не выключае, што ў некаторых мясцовых Саветах могуць з’явіцца дэмакратычныя дэпутаты, як гэта было на парламецкіх выбарах 2016 года, калі ў парламент патрапілі Алена Анісім і Ганна Канапацкая і гэта будзе той “прагрэс”, які ўлада будзе ўсім дэманстраваць.

Палітык адзначае, што да адбору дэмакратычных кандыдатаў улада падыходзіць вельмі старана – вядома пра шэраг сустрэч у рэгіёнах з апазіцыянерамі, якім прапаноўваюцца такія мандаты і гутарка не ідзе пра адкрыты і празрысты падлік галасоў – гутарка ідзе пра звычайную дамову, якая ў далейшым дазволіць трымаць на кароткім павадку такіх дэпутатаў.

Нагадаем, што ў кампанію назірання “Права выбару-2018” уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя,  Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэса, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Рыдыёэлектроннай прамысловасці.

Галоўнай мэтай кампаніі назірання “Права выбару-2018” з’яўляецца актыўнае назіранне, накіраванае не толькі на фіксацыі выяўленых парушэнняў, аднак і актыўнае супрацьдзеянне ім. На выбарах у мясцовыя Саветы 2018 года кампанія плануе выставіць 1000 назіральнікаў.

 

 

Прэс-служба кампаніі “Права выбару-2018”

Болей навін