Віталь Рымашэўскі: КДБ увесь час зрывае збліжэнне Беларусі з ЕС і Украінай
«Складваецца адчуванне, што нам усім проста дураць галаву», – так пракаментаваў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі апошні шпіёнскі скандал паміж Беларуссю і Украінай.
Ён нагадаў, што гэта не першая гучная справа, якую ініцыявалі беларускія спецслужбы. Гэтак, у 2013 годзе ў шпіянажы абвінавачваўся каталіцкі святар Уладзіслаў Лазар. У 2010-м пасля разгону Плошчы ішла гаворка пра машыну са зброяй, сёлета падчас недармаедскіх маршаў машына нібыта прарывала дзяржаўную мяжу. Але ўсе гэтыя справы скончыліся нічым.
Таксама сустаршыня БХД адзначыў, што сёлета ў Беларусі знік грамадзянін Украіны Павел Грыб, які пасля знайшоўся за кратамі расейскага ФСБ.
“Пасля гэтага многія ўкраінскія палітыкі, журналісты проста баяцца ездзіць у Беларусь. А нашу краіну яны лічаць сатэлітам Расіі. Такой недакраінай, якая робіць толькі тое, што кажа ёй Крэмль. І вось зараз чарговы скандал, які, вядома, паўплывае на адносіны з Украінай”, – дадаў ён, нагадаўшы, што расійскія салдаты ўдзельнічаюць у вайне на Ўсходзе Украіны і што Беларусь спрабуе быць міратворцам у гэтай сітуацыі.
“Каму на руку шпіёнскі скандал? Якое стаўленне будзе ва ўкраінскай улады, ва ўкраінскага грамадства пасля таго, як іх грамадзяніна на тэрыторыі нашай краіны выкрадаюць спецслужбы Расіі, а з боку беларускіх спецслужбаў няма абсалютна ніякай рэакцыі? А пасля адбываецца скандал са шпіёнскай сеткай на фоне таго, як беларускія спецслужбы і ў прыватнасці КДБ паказалі сваю поўную недзеяздольнасць”, – дадаў Віталь Рымашэўскі.
На яго думку, нават пры наяўнасці сапраўдных шпіёнаў пры жаданні захаваць добрыя стасункі падазраванага ў шпіянажы можна было б выслаць з краіны і паслаць ноту пратэсту. “Але трымаць журналіста месяц у зняволенні – гэта свядомы скандал, свядомая праблема, якую чыняць беларускія спецслужбы ў дачыненні да Украіны”, – заявіў ён.
“Я заклікаю кіраўніцтва КДБ Беларусі, усіх сілавых структур спыніць гэтыя правакацыі і адпусціць таго журналіста, які абвінавачаны ў шпіянажы. У скрайнім выпадку, калі ў вас такія падазрэнні, яго можна выслаць з краіны і выставіць ноту пратэсту, але гэту правакацыю, скіраваную на распальванне варажнечы паміж Беларуссю і Украінай трэба тэрмінова спыніць. А вінаватыя павінны панесці пакаранне, бо працэс збліжэння Беларусі з цывілізаваным светам – з ЕС, з Украінай – увесь час зрываецца праз такія гучныя справы”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.