Беларусы патрабуць вызвалення палітвязняў
Форум “Свабоду палітвязням!”, які адбыўся ў дзень пачатку саміта “Усходняга партнёрства”, прыняў адозву з патрабаваннем спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітычных вязняў. БХД на Форуме прадстаўляў сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец.
СПЫНІЦЬ РЭПРЭСІІ! СВАБОДУ БЕЛАРУСКІМ ПАЛІТВЯЗНЯМ!
Рэжым Лукашэнкі працягвае ўтрымліваць у турмах палітвязняў і праводзіць рэпрэсіі супраць іншадумцаў.
Тым часам еўрапейская супольнасць, якая зняла санкцыі супраць рэжыму ў выніку вызвалення шасці палітычных зняволеных у жніўні 2015 года, вядзе з рэжымам “шырокі дыялог” і спадзяецца на правядзенне свабодных і справядлівых мясцовых выбараў у пачатку 2018 года. Многія еўрапейскія палітыкі праводзяць афіцыйныя сустрэчы ў Адміністрацыі Лукашэнкі, МЗС, Палаце прадстаўнікоў, і гэта выглядае як падтрымка рэжыму.
Лукашэнка ўпершыню асабіста запрошаны на саміт “Усходняга партнёрства”, які пачаўся 23 лістапада ў Брусэлі.
Між тым, рэжым ва ўмовах эканамічнага крызісу пачаў новую хвалю рэпрэсіяў супраць незалежнага грамадства і дэмакратычных актывістаў. У Беларусі зноў сядзяць у турмах палітычныя зняволеныя. Актывістаў штрафуюць за ўдзел у мірных акцыях і канфіскоўваюць маёмасць у выніку нявыплаты штрафаў. Ніякіх “свабодных выбараў” няма і блізка – рыхтуюцца чарговыя фальсіфікацыі.
Да 7 гадоў турмы па сфабрыкаванай справе прысуджаны вядомы краязнаўца Алесь Юркойць.
Супраць праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага, які знаходзіцца ў Горацкай калоніі, ўжываецца фізічная сіла. Працягваецца ціск на зняволеных Іллю Валовіка, Змітра Цехановіча, Вадзіма Бойку, Філіпа Іванова, Змітра Паліенку ды іншых.
Рэжым праводзіць ператрусы і допыты у бацькоў, чые сыны паехалі абараняць Украіну ад расейскай агрэсіі. Пяць гадоў турмы у выніку правакацыі спецслужбаў атрымаў добраахвотнік Тарас Аватараў: зараз ён зазнае ў турме моцны ціск адміністрацыі.
Не спыненая крымінальная справа ў дачыненні да дзясяткаў беларускіх патрыётаў, пачатая ўвесну гэтага года, падчас масавых пратэстаў.
Сотні людзей караюць буйным штрафам за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Улады канфіскавалі лецішча і зямельны ўчастак за нявыплату штрафаў у актывісткі Ніны Багінскай, апісалі дом у рэжысёра Вольгі Мікалайчык. Рэжым аказвае ціск на ўжо вызваленых палітвязняў – Мікалая Статкевіча, Мікалая Аўтуховіча, Алесю Садоўскую, Змітра Дашкевіча і іншых.
За ўдзел у мірнай акцыі пратэсту супраць вучэнняў “Захад-2017” арыштаваны Уладзімір Някляеў, якога цяпер судзяць нібыта за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі, а насамрэч – за інтэрвію незалежным СМІ.
Па сфабрыкаванай справе пад следствам кіраўнік незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі прафсаюза РЭП Ігар Комлік.
Дэманстратыўныя рэпрэсіі, арышты, штрафы і гвалт паказваюць: рэжым не мяняецца.
Мы, прадстаўнікі палітычных партыяў, грамадскіх арганізацыяў і праваабаронцы:
• – Патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў Беларусі
• – Патрабуем рэабілітацыі і аднаўлення ў правах усіх вызваленых палітвязняў
• – Патрабуем спынення палітычнага пераследу, гвалту і штрафаў за мірныя акцыі пратэсту
• – Заклікаем міжнародную супольнасць падтрымаць дэмакратыю, законнасць і незалежнасць Беларусі
• – Вызначаем “выбары”, якія праводзяцца ў такіх умовах, загадзя нелегітымнымі
• – Заклікаем беларускае грамадства да салідарнасці з палітвязнямі і ахвярамі рэпрэсій
Менск, 23 лістапада 2017 года