Віталь Рымашэўскі ўдзельнічае ў Львоўскім форуме бяспекі
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі ўдзельнічае ў Львоўскім форуме бяспекі, які праходзіць з 29 лістапада па 1 снежня ў Украінскім каталіцкім універсітэце.
У Форуме прымаюць удзел эксперты і палітыкі з краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі, у тым ліку дэпутат парламента і ценявы міністр нацыянальнай абароны Канады Джэймс Бэзан, віцэ-спікер Вярхоўнай Рады Украіны Аксана Сыраід і дэпутаты Алег Беразюк, Мустафа Наем, Артур Герасімаў, дэпутаты парламентаў Грузіі (Гіоргі Кандэлакі), Малдовы (Дзям’ян Карасені), мэр Львова Андрэй Садавы і іншыя. Форум прысвечаны абмеркаванню тэмы рэгіянальнай бяспекі, выклікам і пагрозам гібрыдны вайны.
Віталь Рымашэўскі, сустаршыня БХД:
«Тэма гэтага форма важная не толькі для Ўкраіны, але і для Беларусі, і для іншых краін усходнееўрапейскага рэгіёну. Па-першае, таму што Украіна наш сусед, і сёння яна супрацьстаіць ва ўзброеным канфлікце на ўсходзе і ў полі інфармацыйнай прапаганды расійскай агрэсіі. На жаль, палітыка Крамля ў дачыненні да Усходняй Еўропы ідэнтычная. Стаяць адны і тыя ж мэты незалежна ад краіны-суседа: ці то Украіны, ці то Беларусі, ці то Грузіі, ці то Малдовы. Нам трэба вывучаць вопыт украінскага супрацьстаяння, таго, што здарылася з Украінай, каб пазбегнуць трагічных падзей, супрацьстаяць гібрыднай пагрозе ў самым яе пачатку.
Акрамя таго, Украіна – гэта сусед Беларусі. Сёння на фоне правакацый, накіраваных на распальванне варожасці і супрацьстаяння паміж нашымі народамі трэба ўмацоўваць сувязі з Украінай, з украінскімі палітыкамі, з украінскімі арганізацыямі, экспертамі, развіваць кантакты паміж людзьмі. Такая стратэгічная задача Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, дэмакратычных сілаў Беларусі. Удзел у падобных мерапрыемствах – гэта выдатная магчымасць абмеркаваць магчымыя формы супрацоўніцтва і запланаваць сумесныя мерапрыемствы.
Я спадзяюся, што ў наступным годзе нам удасца правесці міжпартыйныя кансультацыі паміж партыямі Беларусі і Украіны, а таксама арганізаваць некалькі мерапрыемстваў з удзелам украінскіх палітыкаў ва Украіне і Беларусі».