Віталь Рымашэўскі: Саакашвілі на даху – сімвал сучаснага стану ўкраінскай дэмакратыі

07 снежня 2017 09:02  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: Саакашвілі на даху - сімвал сучаснага стану ўкраінскай дэмакратыі

 

Прысутнасць Міхеіла Саакашвілі на даху з’яўляецца сімвалам сучаснага стану ўкраінскай дэмакратыі. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook заявіў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

“Пра тое, што Украіна пакуль што толькі на шляху да дэмакратыі, сведчаць дзве рэчы: занадта жорсткія рашэнні ўлады да апазіцыі і занадта мяккія дзеянні сілавых структур. У сталых дэмакратыях не пазбаўляюць грамадзянства апанентаў улады адначасна з ціскам на антыкарупцыйныя ўстановы. Але і сілавыя структуры там дзейнічаюць бескампрамісна. Складана ўявіць, каб публічна, у прысутнасці журналістаў нехта прарваўся праз мяжу Францыі ці Велікабрытаніі. Альбо каб спецслужбы гэтых краін бегалі па даху за палітыкам, якога б пасля… адпусцілі. Такая няпэўнасць у дзеяннях сілавікоў сведчыць толькі пра тое, што яны самі няўпэўненыя ў законнасці выконваемых імі загадаў. На Захадзе паліцыя не будзе чакаць распараджэння парламенту альбо прэзідэнта, каб выконваць свае абавязкі. Гэта магчыма толькі тады, калі сілавыя структуры дзейнічаюць некарупцыйна, у рамках закону і нясуць поўную адказнасць за свае дзеянні ці бяздзеянне перад законам”, – адзначыў ён.

У каментары прэс-службе сустаршыня БХД дадаў:

 

“Галоўная задача, якую цяпер павінны вырашыць Украіна і ўкраінскія палітыкі, – гэта барацьба з карупцыяй. Без рашэння гэтай праблемы немагчыма будзе выстаяць на ўсходзе і выйграць супрацьстаянне з Расіі. Тое, што зараз адбываецца супрацьстаянне апазіцыі і прэзідэнцкай улады Украіны, вядома, негатыўна адбіваецца на іміджы краіны. Але я ўпэўнены, што ва Украіне і ўлада, і апазіцыя змогуць знайсці правільнае рашэнне. І вельмі важна, што сёння народ гэтай краіны мае магчымасць кантраляваць уладу і ўплываць на яе. На жаль, беларусам да гэтага далёка. У нас няма свабодных выбараў, наш народ пазбаўлены права голасу і ў гэтым кардынальная розніца паміж Украінай і Беларуссю”.

Болей навін