На што б вы патрацілі бюджэт Мінска? – спыталі правацэнтрысты (фота)

25 студзеня 2018 08:17  |  Галоўныя навіны

На што б вы патрацілі бюджэт Мінска? - спыталі правацэнтрысты (фота)

 

Мінчане адказалі: на ахову здароўя, адукацыю, стварэнне новых працоўных месцаў і капрамонт.

24 студзеня каля Камароўцы рынку ў Мінску прайшоў аб’яднаны пікет кандыдатаў ад правацэнтрысцкай кааліцыі ў Мінскі гарадскі Савет.

У ім узялі ўдзел старшыня АГП Анатоль Лябедзька, кіраўнік Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, партыйныя спікеры і актывісты.

На пікеце кандыдат ад АГП Мікалай Казлоў падняў тэму расходавання гарадскога бюджэту. Ён спытаў у мінчан, на што б яны ў першую чаргу патрацілі агульныя грошы, сабраныя з жыхароў горада ў выглядзе падаткаў.

Людзям прапанавалі галасаваць за свае перавагі каляровымі шарыкамі, апусціўшы іх у імправізаваныя тумбы – празрыстыя банкі. Найбольшая колькасць шарыкаў, якія нават не змясціліся ў банку, сабраў тандэм ахову здароўя-адукацыя. Наступны прыярытэт выбаршчыкаў – новыя працоўныя месцы, за ім ідзе капрамонт.

Характэрна, што ніхто з мінчукоў не захацеў траціць агульныя грошы на будаўніцтва спецпаліклінікі для чыноўнікаў. І толькі адзін чалавек сваім шарыкам выказаўся за падтрымку АМАПу і Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Былі і тыя, хто прапанаваў свае прыярытэты. У прыватнасці, некалькі чалавек назвалі культуру і мастацтва.

Пікет прайшоў жыва, крэатыўна, з рэфлексіяй і дыскусіяй, якая разгаралася непасрэдна каля пікету.

«Я лічу, што мы прынялі правільнае рашэнне праводзіць тэматычныя пікеты, – адзначыў у каментары сайту ucpb.org Мікалай Казлоў. – Сёння мы праводзілі пікет “На што павінны ісці вашы грошы?”. Гэта грошы жыхароў горада Мінска, выбаршчыкаў, падаткаплацельшчыкаў, і нам было важна паглядзець наколькі нашы прыярытэты супадаюць з пазіцыяй грамадзян, нашых выбаршчыкаў .

Пікет наведалі віцэ-прэзідэнт ЕНП Паўлу Ранжэль і міжнародны сакратар ЕНП Патрык Фолер.

 

UCPB.ORG

Болей навін