Пададзена заяўка на правядзенне акцыі з нагоды 100-годдзя БНР
У Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт 25 студзеня пададзена заяўка на правядзенне 25 сакавіка акцыі з нагоды 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Дэмсілы ў гэтым годзе будуць адзначаць 25 сакавіка «свята незалежнасці».
Як паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, заяўку падпісалі прадстаўнікі 13 партый і арганізацый, якія ўваходзяць у аргкамітэт па правядзенні акцыі (Партыя БНФ, аргкамітэт БХД, Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух «За Свабоду», рух салідарнасці «Разам», Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), аргкамітэт партыі «Беларускі рух», ініцыятыва «Дзея», прафсаюз РЭП, рух «За незалежнасць і дзяржаўнасць», кампанія «Еўрапейская Беларусь»).
Актывісты апазіцыі просяць Менгарвыканкам дазволіць не толькі традыцыйную дэманстрацыю і мітынг, але і канцэрт у цэнтры горада.