Ужо ў гэты чацвер – Чарнобыльскі шлях
20 красавіка прадстаўнікі аргкамітэту «Чарнобыльскага шляху — 2018» сустрэліся з прадстаўнікамі Менскага гарвыканкаму. Гарадзкія ўлады далі дазвол на мітынг і шэсьце 26 красавіка ў Менску.
Збор пачнецца а 18-й гадзіне 26 красавіка на пляцоўцы каля кінатэатру «Кастрычнік».
2 красавіка арганізатары «Чарнобыльскага шляху — 2018» падалі заяўку на правядзеньне акцыі ў Менскі гарвыканкам. У сваім адказе заяўнікам Чарнобыльскага шляху 20 красавіка Менгарвыканкам зьмяніў:
1. месца збору ўдзельнікаў Чарнобыльскага шляху — з пляцоўкі ля Акадэміі навук на пляцоўку ля кінатэатру «Кастрычнік»;
2. месца правядзеньня мітынгу — з прыступак Акадэміі навук на Чарнобыльскую капліцу ў парку Дружбы народаў;
3. час завяршэньня акцыі — з 21:30 на 20:30.
На правядзеньне акцыі 26 красавіка аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху — 2018» абвясьціў збор сродкаў. На плятформе Talaka.org арганізатары акцыі хочуць сабраць 5000 рублёў. Гэтыя грошы пойдуць на аплату паслуг хуткай дапамогі, рэкляму акцыі ў інтэрнэце, арэнду экрану на месцы правядзеньня мітынгу, зьнічкі і банэры. На момант публікацыі праз «Талаку» сабралі больш за 100 рублёў.