Паўла Севярынца будуць судзіць за заклік да «Астравецкага шляху»
Сустаршыні БХД Паўлу Севярынцу прыйшла позва з Савецкага РУУС: на яго складзены адміністрацыйны пратакол за заклік праводзіць 26 чысла кожнага месяца акцыяў у Заслаўі, Радашкавічах, Маладэчне, Вялейцы, Смаргонях, Ашмянах, Астраўцы.
Аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху — 2018» заплянаваў кожнага 26 дня месяца праводзіць акцыі ў гарадах, якія знаходзяцца паміж Менскам і Астраўцом. Пра гэта падчас мітынгу 26 красавіка паведаміў Павал Севярынец. За гэта яго будуць судзіць.
«Аказваецца, 7 траўня Савецкі райаддзел міліцыі разглядаў паперы на мяне і перадаў іх суд. Спачатку мне доўга не маглі патлумачыць у міліцыі, чаго мяне выклікаюць, пасьля паведамілі, што будуць судзіць за заклік. Я запярэчыў, што мы будзем падаваць заяўкі на акцыі. „Ня важна, быў заклік“, — адказалі мне. Дзівосная рэч атрымліваецца: я ж канкрэтна не казаў, куды, што, навошта, проста пералічыў гарады — заклікаем правесьці акцыі ў такіх гарадах. Так што да 26 траўня чакаю позву ў суд», — расказаў Свабодзе Павал Севярынец.
Артыкул 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне парадку правядзеньня альбо арганізацыі масавага мерапрыемства) прадугледжвае да 15 сутак арышту.