У Менску прэзентавалі законапраект у абарону бел-чырвона-белага сцяга (фота і бланк збору подпісаў)
У Менску 14 траўня адбылася прэзентавалі праект Закона “Аб выкарыстанні і ахове першага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь”, які рэгулюе прававыя асновы выкарыстання, папулярызацыі і аховы бел-чырвона-белага сцяга, які мае асаблівае гістарычнае і духоўна-маральнае значэнне для Рэспублікі Беларусь.
Дакумент быў падрыхтаваны Беларускай хрысціянскай дэмакратыі разам з дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай? адным з лідараў Маладога фронту Змітром Дашкевічам і праектам symbal.by. У бліжэйшы час Ганнай Канапацкай ён будзе накіраваны ўсім зацікаўленым дзяржаўным органам і пасля вынесены на сесію палаты прадстаўнікоў. Таксама распачынаецца кампанія ў абарону бел-чырвона-белага сцяга.
«Днямі я разашлю законапраект на ўзгадненне ўстановам, якія прадугледжаныя законам: у Савет міністраў, Міністэрства культуры, Міністэрства ўнутраных спраў, адміністрацыю Лукашэнкі. Нават калі атрымаю адмоўныя адказы, я маю права падрыхтаваць законапраект і прапанаваць яго для разгляду дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Мяркую, гэта можна будзе зрабіць яшчэ да летніх вакацый», – адзначыла Ганна Канапацкая.
«Сцяг страціў статус дзяржаўнай сімволікі, але не страціў сваёй каштоўнасці. Ужо двойчы падаваліся подпісы за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, але двойчы было адмоўлена. Увесну мы сабралі больш за 1500 подпісаў за наш сцяг. Усім добра зразумела, што рашэнні ў нас у краіне прымае адзін чалавек. Нашая задача давесці грамадству важнасць гэтых сімвалаў. Тады будзе складаней адмовіць», – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
“Распрацоўваючы законапраект я адчувала вялікую адказнасць, гонар і прыналежнасць да чагосьці вельмі важнага. І гэты праект адзін з крокаў вялікай нацыянальнай кампаніі за наш сцяг. Мы абавязкова пераможам, а для гэтага трэба працаваць і змагацца!” – адзначыла сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.
Тых, хто мае нейкія дапаўненні ці прапановы ў праект закона, просім звязвацца па электроннай пошце [email protected].
Спампаваць праект закону і бланк для збору подпісаў у іх падтрымку можна з далучаных файлаў: blank-Zakon-bchb.pdf і Praekt-zakona-BChB-scyag-final.pdf.