Арт. 328 КК: чаму прапановы БХД значна лепш за адпіску Саўміна

17 мая 2018 17:17  |  Галоўныя навіны

Арт. 328 КК: чаму прапановы БХД значна лепш за адпіску Саўміна

 

Прапановы Савета міністраў адносна артыкула 328 КК выглядае, як адпіска ў адказ на патрабаванне дзясяткаў тысяч людзей. Пра гэта заявіў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

«Гэтыя прапановы ніяк не змяняюць сітуацыю з несправядлівым асуджэннем людзей па артыкуле 328. Па-ранейшаму будуць кідаць у турмы не наркадзяльцоў, а наркаспажыўцоў, бо не ўлічана адна з галоўных нашых прапаноў – увесці градацыю па памеры наркатычных сродкаў. Сёння садзяць наркаманаў за пыл у кішэні, і гэта будзе працягвацца. Таксама мы прапаноўвалі змякчыць або адмяніць адказнасць для непаўналетніх, якіх сёння кідаюць у турмы на 10-14 гадоў», – заявіў ён.

«На сустрэчы прадстаўнікоў асуджаных па арт. 328, руху «Наша права», хрысціянскіх дэмакратаў з удзелам экспертаў Міхаіла Пастухова, дэпутата Ганны Канопацкой мы абмеркавалі, як далей дзейнічаць у сённяшняй сітуацыі. Вырашылі, што будзем працягваць лабіяваць законапраект праз Ганну Канапацкую. Паралельна будзем спрабаваць унесці праўкі ва ўжо прапанаваны Саветам міністраў праекта закона. Таксама мы запланавалі прэзентацыі нашых прапаноў у рэгіёнах і круглы стол у Мінску з удзелам прадстаўнікоў улады, якія адказваюць за прыняцце закона. Многія дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і прадстаўнікі ведамстваў былі згодныя з нашымі прапановамі, і мы спадзяемся, што гэтыя людзі падтрымаюць нашы праўкі ў Крымінальны кодэкс», – дадаў Віталь Рымашэўскі.

«Прапанову Савета міністраў можна назваць істотнай толькі ў частцы змены пакарання з канфіскацыі маёмасці на штраф. Рашэнне ж аб зніжэнні ніжніх межаў пакарання на два гады выглядае, як гандаль з намі. Трэба не гандлявацца, трэба вырашаць праблему несправядліва асуджаных альбо празмерна жорстка пакараных людзей. Рашэнне гэтай праблемы Савет міністраў не прапанаваў. Мы будзем працягваць патрабаваць перагляду спраў і рэальных, істотных змяненняў у закон», – падкрэсліла сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

Пра тое, чым адрозніваюцца прапановы Савета міністраў ад прапаноў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і прадстаўнікоў сваякоў асуджаных па арт. 328 КК, распавяла лідар руху «Наша Права» Джэсіка Цыдзвінцава.

«Праект, унесены Саветам міністраў у Палату Прадстаўнікоў, прапануе памяншэнне ніжняй мяжы санкцыі ч.2 і ч.3 на 2 гады, а таксама замену канфіскацыі на штраф. Дадзеныя нормы дазваляюць пакаранне за наркатычныя злачынства зрабіць больш сувымерным учыненаму дзеянню, аднак, з’яўляюцца недастатковымі, бо не ўсе прабелы заканадаўства ліквідаваны. Сваякі асуджаных па артыкуле 328 КК расчараваныя тым праектам, які занесены з мэтай змены арт.328 КК. Па сутнасці, праігнараваныя просьбы і прапановы дзясяткаў тысяч сваякоў і асуджаных. Тое, што прапануецца Саветам міністраў, – гэта не вырашэнне праблемы, а ігнараванне просьбаў беларускіх грамадзян. Наша пазіцыя такая: заканадаўства павінна мець дакладныя нормы, якія не дазваляюць дваякага тлумачэння закона, а пакаранне павінна адпавядаць цяжкасці злачынства», – адзначыла яна.

У прыватнасці, законапраект БХД і сваякоў асуджаных прадугледжвае:

1) градацыю па вазе, каб правільна кваліфікаваць злачынства па цяжары здзейсненага злачынства. Прапануецца ўвесці значны, буйны і асабліва буйны памер наркатычнага сродку і псіхатропнага рэчыва для кваліфікацыі іх незаконнага звароту. У дзеючым заканадаўстве адсутнічае градацыя па памерах, што стварае прэцэдэнты пры прызначэнні пакарання, калі за любы памер да буйнога можа прызначацца аднолькавае пакаранне.

2) стварэнне спісу забароненых для абароту наркатычных раслін з іх колькаснай ацэнкай. На дадзены момант нарказмяшчальныя расліны называюцца «рэчывамі расліннага паходжання», што з’яўляецца не дакладнай фармулёўкай, і ўтрымліваюцца ў двух спісах пераліку. Адны прызнаныя небяспечнымі, іншыя асабліва небяспечнымі без усялякіх медыцынскіх крытэраў.

3) выключэнне прыкмета «ў дачыненні да асабліва небяспечных» з дыспазіцыі ч.3 арт.328, бо ўсе наркотыкі з’яўляюцца небяспечнымі. Раней Крымінальны Кодэкс не меў падобнай кваліфікуючай прыкметы.

4) выключэнне кваліфікуючай прыкметы “з намерам збыту”. На дадзены момант крымінальная адказнасць па ч.3 арт.328 КК за намер прадугледжвае пакаранне ад 8 гадоў пазбаўлення волі і з’яўляецца асабліва цяжкім злачынствам. Не ўлічаная адзнака суб’ектыўнага боку, якая выяўляецца ў наяўнасці ацэначнай катэгорыі “намер на збыт”, якая не можа быць дакладна і адназначна пацверджана аб’ектыўным бокам злачыннага дзеяння.

«На наш погляд, намер збыту як няскончанае злачынства не можа з’яўляцца асабліва цяжкім злачынствам і карацца такімі тэрмінамі. Мы прапануем кваліфікаваць «намер», як няскончаны збыт праз замах (арт.14 КК РБ) на збыт, калі падазраваным былі зроблены канкрэтныя дзеянні, якія паказваюць на намер збыць наркатычныя сродкі», – заяўляе Джэсіка Цыдзвінцава.

5) Таксама прапануецца размежаваць арт.328 КК па канкрэтных проціпраўных дзеяннях па незаконным абароце наркатычных сродкаў. Арт.328 (рэдакцыі БХД) прадугледжвае адказнасць за незаконныя дзеянні па набыцці і захоўванні наркатычных сродкаў, цяжар злачынства кваліфікуецца па колькаснай прыкмеце забароненых для абароту дадзеных рэчываў. Арт.328.1 (рэдакцыі БХД) прадугледжвае адказнасць для збытчыкаў, а таксама вытворцаў наркатычных сродкаў. Цяжар злачынства кваліфікуецца колькасцю збыту наркатычных сродкаў, а таксама такімі кваліфікуючымі прыкметамі, як збыт ў грамадскіх месцах, праз глабальную сетку інтэрнэт, групай асоб, арганізаванай групай, асобай з выкарыстаннем свайго службовага становішча.

6) Узрост крымінальнай адказнасці за гэты від злачынства павінен наступаць з 16 гадоў.

Болей навін