Правацэнтрысты правялі сустрэчы ў Кангрэсе і Сенаце ЗША
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі разам з Анатолем Лябедзькам і Юрыем Губарэвічем знаходзіцца з рабочым візітам у сталіцы ЗША Вашынгтоне. Па ініцыятыве Правацэнтрысцкай кааліцыі быў арганізаваны шэраг сустрэч з палітыкамі, дыпламатамі, грамадскімі і міжнароднымі арганізацыямі ЗША, а таксама з мясцовай беларускай дыяспарай.
«У нас былі важныя сустрэчы ў Дзярждэпартаменце, Кангрэсе і Сенаце (у тым ліку з кангрэсменамі Джонам Шымкусам і Крыстаферам Смітам, у офісах сенатараў Джона Маккейна, Дзіка Дэрбіна, Крыса Мэрфі), Хельсінскім камітэце. Прайшлі таксама адкрытыя грамадскія слуханні па Беларусі, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі шматлікіх грамадскіх арганізацый і пасольстваў», – адзначыў сустаршыня БХД.
«Важна, каб цікавасць да Беларусі захавалася на парадку дня Злучаных Штатаў, каб наша краіна не аддавалася на водкуп палітыцы Пуціна. Задача нашых сустрэч – гаварыць пра новыя магчымасці і новыя выклікі, якія сёння ёсць у Беларусі, пра палітвязняў, аб уціску свабоды інтэрнэту і ціску на незалежных журналістаў і прафсаюзы. Будучыня Беларусі вырашаецца беларускім народам унутры краіны, але пры гэтым знешняя падтрымка, крэдыты, якія выкленчваюць беларускія ўлады ў дэмакратычных краінаў, не павінны ісці на падтрымку і кансервацыю беларускага рэжыму. Міжнародная падтрымка павінна быць накіравана на сістэмныя рэформы ў нашай краіне, на падтрымку ўсяго беларускага грамадства, на адкрыццё новых шанцаў і новых магчымасцяў для ўсіх грамадзян краіны. Для гэтага патрэбныя скаардынаваныя дзеянні як грамадзянскай супольнасці ўнутры Беларусі, так і міжнароднай супольнасці», – упэўнены Віталь Рымашэўскі.
На яго думку, задача беларускіх уладаў – закансерваваць палітычны рэжым, а значыць, «безнадзейна павялічыць адставанне Беларусі ад развітых краін і тым самым пазбавіць нашу краіну, наш народ будучыні».
«Наша задача – зрабіць Беларусь моцнай, канкурэнтаздольнай у сучасным свеце. Такой Беларусь можа стаць толькі, правёўшы структурныя рэформы эканомікі, а таксама рэформы судовай і выбарчай сістэмы. Без дэмакратычных рэформаў немагчымыя эфектыўныя эканамічныя рэформы. На сустрэчах у Вашынгтоне мы таксама абмяркоўвалі пытанні бяспекі, магчымасці узмацнення міжнароднай падтрымкі для абароны суверэнітэту Беларусі і краін Усходняй Еўропы ад пагрозы з боку пуцінскага рэжыму», – дадаў палітык.