Павел Севярынец: Папраўкі – гэта ўдасканаленне, але не закону, а рэпрэсіяў

18 мая 2018 16:40  |  Галоўныя навіны

Павел Севярынец: Папраўкі - гэта ўдасканаленне, але не закону, а рэпрэсіяў

 

Сустаршыня БХД Павел Севярынец пракаментаваў прэс-службе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі новыя праўкі ў Крымінальны кодэкс, перададзеныя ў Палату прадстаўнікоў.

– Некаторыя аналітыкі ды СМІ паспяшаліся з нагоды паправак у Крымінальны кодэкс абвесціць чарговую лібералізацыю. Усё з дакладнасцю да наадварот. Як характэрны прыклад возьмем крымінальны артыкул 193 – “Аб дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі”, які пагражаў і пагражае сябрам БХД.
Артыкул 193 нібыта выводзяць з Крымінальнага кодэксу – але пераводзяць у Адміністрацыйны з санкцыяй непамерных штрафаў. І калі на працягу апошніх 10 гадоў гэта быў такі “дамоклаў меч”, што вісеў па-над кожным “незарэгістраваным” актывістам, але не прымяняўся – то цяпер гэта будзе нагода для пастаянных вялізных (50 базавых – гэта каля 600 даляраў!) штрафаў.
Іншымі словамі – цяпер замест пагрозы турмы за пост у сацсетках ці ўлётку сябрам апазіцыйных арганізацыяў прапануюць узаконенае рабаванне. Пару такіх штрафаў – і большасці беларускіх актывістаў давядзецца сутыкнуцца з канфіскацыяй маёмасці, даўгавымі ямамі ды жабрацтвам.
Насамрэч, гэты дзікі абсурд – пакаранне “за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі” – неабходна адмяніць раз і назаўжды, – кажа Павел Севярынец. – Заходнія палітыкі не павінныя заплюшчваць вочы на бандытызм рэжыму Лукашэнкі. Папраўкі – гэта не ўдасканаленне закону, а ўдасканаленне рэпрэсіяў.

Болей навін