З нагоды кампаніі ў падтрымку бел-чырвона-белага сцяга

21 мая 2018 08:47  |  Галоўныя навіны

З нагоды кампаніі ў падтрымку бел-чырвона-белага сцяга

 

Каментар сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага з нагоды кампаніі ў падтрымку бел-чырвона-белага сцяга:

“Беларускія хрысціянскія дэмакраты разам з Паўлам Белавусам і Арт-Сядзібай рыхтавалі прэзентацыю закона-праекта аб ахоўным статусе бел-чырвона-белага сцяга, сустаршыня БХД Вольга Кавалькова адрэдагавала перададзены Ганнай Канапацкай чарнавік законапраекта, гісторык Аляксандр Кур’яновіч стаў аўтарам абгрунтавання да законапраекта, без якога немагчыма далейшая праца з заканадаўчымі органамі па яго прыняцця.

І на прэзентацыі мы стараліся запрасіць і даць слова ўсім, хто так ці інакш зрабіў свой унёсак ва ўзвялічванне нацыянальнага сцяга з 1990-х гадоў і да нашых дзён.

Асабіста я ўпэўнены, што без ініцыятывы Змітра Дашкевіча два гады таму ў падтрымку сцяга, калі было сабрана болей за 10.000 подпісаў, актуалізацыя гэтага пытання зараз была б проста немагчымая.

Аднак красці чыюсьці інтэлектуальную ўласнасць – гэта ганебны ўчынак. Шкада, што ініцыятыва ананіма, які быў адным з аўтараў першапачатковага тэксту і даслаў яго Ганне Канапацкай, не была адзначаная,

Я не думаю што ў каманды Ганна Канапацкай быў такі намер. Перакананы, што калі б былі кантакты, то яго абавязкова б запрасілі.

Прынамсі мы, як арганізатары прэзентацыі, абавязкова далі б магчымасць яму выступіць. 

Гэта добры прыклад, калі ініцыятыва аднаго чалавека можа выліцца ў законапраект. Спадзяюся, гэта натхніць многіх актыўных беларусаў.

У Беларусі, на жаль, няма свабодных выбараў, няма абраных парламентарыяў, чыноўнікі не залежаць ад людзей.

Таму сам законапраект без грамадскай кампаніі ў яго падтрымку, у падтрымку бел-чырвона-белага сцяга, застанецца пустой паперай.

Мы будзем працягваць кампанію ў падтрымку законапраекта, мы таксама будзем заклікаць прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў, якія раней выказваліся ў падтрымку нацыянальнай сімволікі, падтрымаць гэты законапраект, каб спыніць прыніжэнье бел-чырвона-белага сцяга і рэпрэсіі супраць людзей, якія яго выкарыстоўваюць у Беларусі.

Гэта наша агульная справа, справа беларускага гонару. Спадзяюся што гэтая кампанія з’яднае многіх людзей і закон будзе прыняты”.

Болей навін