Умова дыялога – вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсіяў!
У Менску паралельна з “Мінскім дыялогам” на ініцыятыву сустаршыні БХД Паўла Севярынца прайшоў грамадскі форум “Свабоду палітвязням!”, які збірае прадстаўнікоў палітычных партыяў, рухаў, праваабаронцаў, журналістаў і дэмакратычных актывістаў.
Заява Форуму “Свабоду палітвязьням!”
ВЫЗВАЛЕННЕ БЕЛАРУСКІХ ПАЛІТВЯЗНЯЎ МУСІЦЬ БЫЦЬ УМОВАЙ ДЫЯЛОГУ З РЭЖЫМАМ
Рэжым Лукашэнкі працягвае ўтрымліваць у турмах палітвязняў і праводзіць рэпрэсіі супраць іншадумцаў.
Тымчасам еўрапейская супольнасць, якая зняла санкцыі супраць рэжыму ў выніку вызвалення шасці палітычных зняволеных у жніўні 2015 года, вядзе з уладамі “шырокі дыялог”. Многія еўрапейскія палітыкі праводзяць афіцыйныя сустрэчы ў Адміністрацыі Лукашэнкі, МЗС, Палаце прадстаўнікоў, і гэта выглядае як падтрымка рэжыму. На шматлікіх сустрэчах, у тым ліку і “Мінскім дыялогу”, гаворка ідзе пра супрацу з дзяржаўнымі ворганамі, а тэма рэпрэсіяў супраць грамадзян Беларусі адсунута ўбок.
Між тым, рэжым пачаў новую хвалю рэпрэсіяў супраць незалежнага грамадства і дэмакратычных актывістаў. У Беларусі зноў сядзяць у турмах палітычныя зняволеныя. Актывістаў штрафуюць за ўдзел у мірных акцыях і канфіскоўваюць маёмасць у выніку нявыплаты штрафаў.
Да 7 гадоў турмы па сфабрыкаванай справе прысуджаны вядомы краязнаўца Алесь Юркойць.
Супраць праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага, які знаходзіцца ў Горацкай калоніі, ўжываецца фізічная сіла. Працягваецца ціск на палітычных зняволеных Іллю Валовіка, Змітра Цехановіча, Вадзіма Бойку, Філіпа Іванова, Змітра Паліенку ды іншых.
Рэжым праводзіць ператрусы і допыты у бацькоў, чые сыны паехалі абараняць Украіну ад расейскай агрэсіі. Пяць гадоў турмы у выніку правакацыі спецслужбаў атрымаў добраахвотнік Тарас Аватараў: зараз ён зазнае ў турме моцны ціск адміністрацыі.
Да трох гадоў калоніі прысуджаны Святаслаў Барановіч, які абараняў мірных дэманстрантаў ад пераапранутых супрацоўнікаў міліцыі.
Па сфабрыкаванай справе пад следствам кіраўнік незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі прафсаюза РЭП Ігар Комлік – ім пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Сотні людзей караюць буйным штрафам за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Улады канфіскавалі лецішча і зямельны ўчастак за нявыплату штрафаў у актывісткі Ніны Багінскай, апісалі дом у рэжысёра Вольгі Мікалайчык. Рэжым аказвае ціск на ўжо вызваленых палітвязняў – Мікалая Статкевіча, Мікалая Аўтуховіча, Кацярыну Садоўскую, Алесю Садоўскую, Змітра Дашкевіча і іншых.
Дэманстратыўныя рэпрэсіі, арышты, штрафы і гвалт, а таксама абражаючыя чалавечую годнасць вязняў турэмныя ўмовы паказваюць: рэжым не мяняецца.
Мы, прадстаўнікі палітычных партыяў, грамадскіх арганізацыяў і праваабаронцы:
• – Патрабуем неадкладнага вызвалення, рэабілітацыі і аднаўлення ў правах усіх палітвязняў
• – Патрабуем спынення палітычна матываванага пераследу, гвалту і штрафаў за мірныя акцыі пратэсту
• – Заклікаем беларускае грамадства да салідарнасці з палітвязнямі і ахвярамі рэпрэсій
• – Заклікаем міжнародную супольнасць падтрымаць дэмакратыю, законнасць і незалежнасць Беларусі – і паставіць умовай дыялогу з Лукашэнкам вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне палітычных рэпрэсіяў.
Менск, 24 траўня 2018 года