Віталь Рымашэўскі: рэлігійныя адукацыйныя ўстановы ў Беларусі дыскрымінаваныя

25 мая 2018 14:27  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: рэлігійныя адукацыйныя ўстановы ў Беларусі дыскрымінаваныя

 

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі пракаментаваў для Krynica.info скандал з масавым прызывам у беларускае войска студэнтаў каталіцкіх і праваслаўных семінарый.

«Відавочна, што сёння ў хрысціянскіх Цэркваў ёсць маса праблем. Рэлігійныя адукацыйныя ўстановы відавочна ў Беларусі дыскрымінаваныя ў параўнанні са свецкімі. Па-ранейшаму захоўваюцца праблемы з высыланнем святароў з Беларусі. Да гэтага часу ў сістэме адукацыі няма вывучэння асноў рэлігіі, як гэта ёсць практычна ў любой еўрапейскай краіне», – адзначыў ён.

Паводле яго, у БХД ёсць вопыт правядзення кампаній і прасоўвання прапаноў на заканадаўчым узроўні. «У бліжэйшы час наша задача – распрацаваць заканадаўча змены і правесці кампанію ў іх падтрымку з тым, каб роля Цэркваў у грамадстве стала большай, а свабода веравызнання ў Беларусі не парушалася», – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Krynica.info

Болей навін