Абаронцы Курапатаў пайшлі да ўласьнікаў рэстарану «Поедем поедим». Іхную заяву не прынялі
Ад пачатку чэрвеня ў Курапатах ідуць акцыі пратэсту супраць рэстарацыі «Поедем поедим» за 50 мэтраў ад мэмарыялу. Адзін зь лідэраў пратэсту, сустаршыня аргкамітэту партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Павал Севярынец расказаў Свабодзе пра далейшыя пляны актывістаў.
Днём раней актывісты вырашылі ладзіць 12-гадзінную варту пад брамай рэстарацыі.
«Мы зацьвердзілі пляны Чахольскага-Дашкевіча зь дзяжурствам сямі арганізацыяў, — расказвае Павал Севярынец. — Сёньня ўжо „Альтэрнатыва“ пачала.
Заўтра мы ідзем у Генпракуратуру, Дзяржкантроль і Менгарвыканкам, юрыдычная група зьбіраецца і мы пачынаем абыход установаў з адпаведнымі зваротамі.
Акрамя таго, прынялі рашэньне зьвярнуцца да хрысьціянскіх канфэсіяў і габрэйскай дыяспары, а таксама да прэзыдэнтаў, якія плянуюць прыехаць на адкрыцьцё мэмарыялу „Трасьцянец“. Будзем прасіць аўтарытэтных людзей выказвацца па Курапатах.
Сёньня на месцы акцыі ўжо знаходзіцца „мэтраном“: запісаны на аўдыё ўдар звону, які ўключаецца, калі пад’яжджаюць машыны.
Цяпер мы едзем да ўласьнікаў гэтага аб’екту, на Казлова, 5А, „Белрэстінвэст“ і „Белноватэкс груп“. Мы прынялі зварот, зь ім і едзем. Пункт першы — амаральнасьць, пункт другі — незаконнасьць. Мы патрабуем ад іх зьнесьці або перанесьці рэстаранна-забаўляльны комплекс».
Абноўлена: Як піша БелаПАН, кіраўніцтва кампаніі «БелРэстІнвэст» не прыняла заяву, якую спрабавалі перадаць актывісты: па тэлефоне ім сказалі, што кіраўніцтва няма на месцы, дзьверы не адчынілі. Севярынец мяркуе, што ад актывістаў проста хаваюцца.