Паўла Севярынца пасадзілі на 10 сутак
Сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца 30 чэрвеня за ўдзел у абароне Курапатаў суд Фрунзенскага раёну Менска асудзіў на 10 сутак адміністратыўнага арышту. “Павезлі на Акрэсціна”, – адзначыў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.
Такі вырак быў вынесены па суме пратаколаў, складзеных як ДАІ, гэтак і міліцыяй, у тым ліку за несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы і парушэнні правілаў дарожнага руху.
Адзначым, што арышт адбыўся наступны дзень пасля візіту ў Менск прэзідэнтаў Аўстрыі і Нямеччыны, буйных дэлегацый іншых краін і арганізацый, а таксама напярэдадні афіцыйнага Дня незалежнасці Беларусі. Пры гэтым сам Павел Севярынец збіраўся 1-2 ліпеня браць удзел у святочных мерапрыемствах у Будславе, але правядзе гэтыя дні на Акрэсціна.