У Мінску пройдзе Імша ў гадавіну нараджэння хрысціянскай дэмакраткі Магдалены Радзівіл

07 ліпеня 2018 12:35  |  Грамадства

У Мінску пройдзе Імша ў гадавіну нараджэння хрысціянскай дэмакраткі Магдалены Радзівіл

 

8 ліпеня споўніцца 157 год з дня народзінаў Марыі Магдалены Радзівіл. З гэтай нагоды ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха), дзе пахаваны прах Магдалены Радзівіл, пройдзе святочная Імша. Пачатак: 13.00, паведамляе radzima.ch.

Магдалена Радзівіл – адна з самых вядомых мецэнатаў у гісторыі беларускай культуры. Магдалена плаціла стыпендыю беларускім студэнтам у Пецярбургу, фінансавала беларускія школы, выданне газеты «Наша Ніва», зборнік вершаў Максіма Багдановіча, першыя кнігі Якуба Коласа, Канстанцыі Буйло і іншыя выданні гуртка «Загляне сонца і ў наша ваконца». У 1918 году падтрымала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, пасля прыходу да ўлады бальшавікоў з’ехала ў Варшаву. У 1932 годзе пераехала ў Фрыбург (Швейцарыя). Там яна і памерла ў 1945 годзе і была пахавана разам з дачкой і блізкай сяброўкай. 

У ліпені 2017 года Аляксандр Сапега, прэзідэнт фонда Марыі Магдалены Радзівіл, прывёз прах княгіні ў Беларусь. 17 лютага 2018 года адбылося перазахаванне праха Марыі ў Мінску, як таго жадала яна сама. 

Болей навін