Экс-кандыдат у дэпутаты арганізавала для сваіх аднавяскоўцаў канцэрт
Экс-кандыдат у дэпутаты мясцовых Саветаў, актывістка аргкамітэту БХД Алена Янушкоўская арганізавала для сваіх аднавяскоўцаў канцэрт гітарнай музыкі. А даў яго вядомы ў Віцебску, адзін лепшых гітарыстаў Беларусі, музыка Герман Хаванскі.
Ён граў класічныя творы, а таксама спяваў папулярныя песні пад акампанемент Ляксандра Гуркова. “Уваход” на канцэрт быў вольным, бо адбыўся ён на пляцоўцы каля мясцовай крамы. І доўжыўся паўтары гадзіны.
Суйкаўцы – народ культурнымі падзеямі не абцяжараны: за шмат гадоў упершыню па вясне тут нібыта быў канцэрт мастацкай самадзейнасці, але пакуль жадаючыя яго наведаць дабраліся да месца правядзення, ён і скончыўся. Затое на запыт Алены Янушкоўскай Віцебскі раёны аддзел культуры бадзёра справаздачыўся, колькі культурніцкіх мерапрыемстваў ён праводзіць. І выходзіць даволі актыўна працуюць, аж болей за 20 мерапрыемстваў у адным толькі Заронаўскім сельсавеце… Якасць відавочная…
Канцэрт жа Германа Хаванскага выклікаў толькі добрыя эмоцыі. Слухачы нават падпявалі выканаўцам, а прадстаўніца Заронаўскага сельсавета запрасіла паўтарыць канцэрт ужо ў мясцовай школе.
“Вось так і жывем, – адзначыла сп. Алена. – Не чакаем міласці ад чыноўнікаў, самі дзіцячыя пляцоўкі ўсталёўваем, самі канцэрты арганізоўваем. Дык навошта нам утрымліваць цэлую армію тых чыноўнікаў, якія ні на што не здольныя?”