Віцебскіх актывістаў БХД затрымалі па дарозе на варту ў Курапатах
Чацьвёра прыхільнікаў БХД, у тым ліку старшыня абласнога аргкамітэту Тацяна Севярынец, затрыманыя і знаходзяцца ў ДАІ райцэнтру Бешанковічы. Кіроўцу вінавацяць у парушэньні ПДД, астатніх трымаюць без прычыны ўжо другую гадзіну.
Паводле Тацяны Севярынец, актывісты яшчэ ў дарозе зразумелі, што за імі сочаць:
«Мы праехалі некалькі пастоў ДАІ, якія пільна за намі назіралі. Потым аўто зь міліцыянтамі нас абагнала, супрацоўнік выйшаў, і пачалося разьбіральніцтва, нібыта наш кіроўца спадар Аляксандар нешта парушыў. На месцы давесьці нічога не змаглі, загадалі ехаць у Бешанковічы».
Спадарыня Тацяна адзначае, што разьбіральніцтва зацягваецца знарок, а яны з Яленай Янушкоўскай, Ірынай Захаравай і Аляксандрам Квілісам меліся прыехаць у Курапаты апоўдні, каб распачаць «віцебскую вахту» каля рэстарацыі «Поедем поедим».
Пра свой намер ехаць у Менск Тацяна Севярынец абвясьціла ўчора ў Фэйсбуку:
«Заўтра, 8 жніўня, серада. З 12.00 да прыцемак. Выходзім на варту ў дзень БХД — замест нашага таварыша Паўла Севярынца, якога закінулі ў турму за абарону Міжнароднага мэмарыялу сталінскіх рэпрэсіяў — ад забаўляльнага цэнтру-кабаку, пабудаванага на тэрыторыі Нацыянальнага Нэкропалю».