Віталь Рымашэўскі. Белсат. Хамства і свабода слова

21 верасня 2018 16:45  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі. Белсат. Хамства і свабода слова

 

Пару дзён таму адзін супрацоўнік Белсату – тэлеканалу, які фінансуе польскі ўрад, вывесіў няўдалае фота польскага прэзідэнта (так сталася, што перад тым фота выкарыстоўвалася не толькі ў твітах Дональда Трампа, але і ў расейскай антыпольскай прапагандзе). Працадаўца зрабіў супрацоўніку заўвагу: фота не знялі – супрацоўніка звольнілі. Супрацоўнік жа з тым не змірыўся і распачалася ў сеціве кампанія крытыкі Белсату за парушэння права на свабоду слова. Абвінавацілі Белсат і ў цэнзуры, і ў табу на крытыку польскага прэзідэнта. Нават БТ не здолела прайсці міма такога парушэння правоў Івана Шылы.

Аднак у чым, скажыце мне, была крытыка з боку Шылы у бок польскага прэзідэнта? Было расшарванне няўдалага здымка прэзідэнта РП супрацоўнікам (не журналістам) польскага тэлеканалу, які атрымлівае заробак ад польскага ўрада. У любога чалавека, палітыка ёсць няўдалыя здымкі. Уявіце, калі б грузінскія журналісты з грузінскіх дзяржаўных СМІ сталі вывешваць фота прэзідэнта Саакашвілі, які жуе свой гальштук – гэта было б таксама пра свабоду слова? Калі б іх за гэта звольнілі, то гэта было б пра свабоду дыскусіі?

Адна справа, калі супрацоўніка тэлеканалу звальняюць за аргументаваную крытыку спонсараў тэлеканалу – гэта цэнзура і парушэнне права на свабоду слова. Іншая справа, калі супрацоўнікі распаўсюджваюць няўдалыя здымкі ўслед за расійскімі прапагандысцкімі каналамі. На маю думку, да свабоды слова гэта ніякага дачынення не мае, а хутчэй да публічнага хамства і парушэння карпаратыўнай этыкі. За што ўласна, у любой нармальнай фірме супрацоўнікаў адразу звальняюць.

Кожны чалавек, у межах прыстойнасці, можа крытыкаваць каго заўгодна. Аднак, калі чалавек, уладкаваўшыся на працу, пачынае распаўсюджваць карыкатуры на фактычнага працадаўцу – гэта выглядае, як мінімум, дзіўна. І калі такога супрацоўніка звальняюць, зусім смешна выглядае яго абарона як “змагара за свабоду слова”.

P.S. Не ідэалізую Белсат. І, пэўна, ёсць шмат праблем у працы беларускіх незалежных СМІ, якія варта ўсур’ёз абмяркоўваць. Аднак ператвараць абарону права на свабоду слова ў абарону права на хамства – не лепшы шлях да вырашэння праблемаў.

Віталь Рымашэўскі

Болей навін