Апазіцыя выступіла ў падтрымку тэлеканала Белсат

25 верасня 2018 12:22  |  Галоўныя навіны

 

Апазіцыя выступіла ў падтрымку тэлеканала Белсат

 

Беларускія дэмакратычныя сілы выступілі з супольнай заявай у адказ на кампанію ў сацыяльных сетках супраць тэлеканала Белсат, якая разгарнулася ў апошнія дні.

 

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі адзначыў: «Белсат з’яўляецца адзіным незалежным беларускім тэлевізійным каналам. За апошні год атакі па тых ці іншых падставах падвергліся практычна ўсе незалежныя беларускія СМІ. Як правіла, нагоды былі выкарыстаныя розныя, але ў выніку кожнай з рэдакцый быў нанесены сур’ёзны ўрон. І цяпер нагода для нападак на Белсат абсалютна не адэкватная той кампаніі па дыскрэдытацыі, якая разгарнулася супраць канала і яго кіраўніцтва. Заклікаю ўсе незалежныя палітычныя структуры і грамадскія арганізацыі Беларусі, усіх неабыякавых грамадзян краіны падтрымаць Белсат і абараніць яго ад нападак».

 

Заява салідарнасці з тэлеканалам «Белсат»
За 10 гадоў, якія мінулі з моманту стварэння тэлеканала, Белсат сфармаваў сталае кола гледачоў і прыхільнікаў. Аўдыторыя канала нязменна пашыраецца – і ён застаецца адзінай незалежнай крыніцай інфармацыі (актуальных навінаў Беларусі і свету, якаснай аналітыкі, гістарычных і культурніцкіх праграмаў) у тэлевізійным фармаце.

 

Праца адбываецца на фоне няспынных рэпрэсіяў супраць журналістаў канала – штрафы, абмежаванне выезду і нават свабоды, рэгулярныя адмовы ў акрэдытацыі ў Беларусі, беспадстаўныя абвінавачванні і затрыманні.

 

Адсутнасць магчымасці легальнай працы ў Беларусі і камерцыйнага складніку рэгулярна ставіць Белсат пад пагрозу існавання.

 

За апошні год улады Беларусі актывізавалі ціск на недзяржаўныя беларускія СМІ. Абмежаваны доступ да сайтаў “Белпартызан” і “Хартыя’97”, атака на журналістаў інфармацыйнай агенцыі БелаПАН і парталу TUT.by.
Але асабліва часта і рэгулярна апошнім часам менавіта Белсат становіцца аб’ектам дыскрэдытацыйных кампаній і правакацый з боку афіцыйных беларускіх і расейскіх медыяў.

Ва ўмовах узмацнення ціску на Беларусь з боку Расеі, у тым ліку і на інфармацыйным полі, Белсат застаецца адзінай тэлевізійнай крыніцай незалежнай інфармацыі ды ўзмацнення беларускай тоеснасці.
У гэтай сітуацыі мы застаемся ўдзячнымі грамадзянскай супольнасці, грамадзянам і палітыкам Польшы за спрыянне ў стварэнні праекта, які паслядоўна падтрымліваецца, незалежна ад палітычных зменаў.

Значэнне і ўплыў Белсату на павышэння ўзроўню свядомасці і дэмакратызацыі беларускага грамадства цяжка пераацаніць.

 

Белсат Жыві!

 

 

 

 

 

Мікалай Казлоў, Аб’яднаная грамадзянская партыя

 

Віталь, Рымашэўскі, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя

 

Юрый Губарэвіч, Рух “За Свабоду”

 

Генадзь Фядыніч, Прафсаюз РЭП

 

Болей навін