Юрась Палейка: не чакайце, пакуль нехта вырашыць вашы праблемы
Сябра Менскай арганізацыі БХД Юрась Палейка – наступны герой серыі інтэрвію нашай прэс-службы пра абаронцаў Курапатаў.
Юрась, многія даведаліся пра Вас з рэпартажаў пра Курапацкую варту. Што Вас падштурхнула днямі стаяць на ўездзе ў рэстарацыю і ўручаць наведнікам улёткі?
Падштурхнула тое, што я хачу, каб пра Курапаты ведалі ўсе, найперш, самі беларусы. Абавязкова, каб пра Курапаты было напісана ў школьных падручніках гісторыі. Важна, каб людзі, нарэшце, даведаліся праўду, якая яшчэ недаступная грамадству і схаваная ў архівах. Сёння яшчэ неабходна ўстанавіць, як на месцы масавых расстрэлаў паўстала забаўляльная ўстанова – як пасунуліся ахоўныя межы, як былі атрыманы дазволы пры гэткіх парушэннях закону. Таксама натхніла, што курапацкай справай займаецца шмат людзей, якіх я вельмі паважаю за іх стаўленне да жыцця і заўсёды буду іх падтрымліваць.
Давайце паразважаем. Вы – чалавек, які адбыўся ў жыцці. У Вас ёсць праца, сям’я, хобі, усё як у людзей. Навошта Вам яшчэ і апазіцыя – гэта ж адныя праблемы?
Я не магу сказаць, калі дакладна адбыўся пералом у свядомасці, інтарэсах… Пачаў цікавіцца беларускай гісторыяй і мовай. Жонка-настаўніца заўсёды ў нейкіх адукацыйныхп раектах – шмат вандруем разам, наведваем розныя імпрэзы. Асабліва любім музычныя фэсты. Але я лічу, што нельга абмяжоўвацца толькі культурай, трэба разумець, што адбываецца ў эканоміцы, палітыцы кожнаму звычайнаму чалавеку. Гэта нашы справы і інтарэсы – добрыя дарогі, даступныя кошты, нармальны ўзровень аховы здароўя і адпачынак, прыстойныя пенсіі, абарона слабых, дапамога хворым і многае іншае. Ад нашай актыўнасці і настойлівасці залежыць, як будуць улічаны нашы інтарэсы, патрабаванні. Падкрэслю – законныя патрабаванні. Вельмі хочацца, каб дзяржава і яе прадстаўнікі (чыноўнікі, міліцыянеры, суддзі) сама выконвала законы. Седзячы на канапе, нічога не зменіш. Таму я тут, раблю тое, што магу – прыходжу на Курапацкую варту, удзельнічаю ў талацэ, дапамагаю.
Вы стаіце на варце ў сераду, у дзень БХД. Вас ведаюць як актывіста Менскай арганізацыі партыі. Чаму Вы выбралі хрысціянскіх дэмакратаў?
Мне імпануе, што БХД працуе на аб’яднанне беларусаў усіх веравызнанняў – праваслаўных, каталікоў, пратэстантаў, нават няверуючых… Гэта тое, што цяпер трэба падтрымліваць – аб’яднанне, а не раскол.
Што для Вас азначаюць хрысціянскія прынцыпы? Вы верыце, што можна змяніць людзей? Беларусь?
Я веру ў людзей – добрых, сумленных, справядлівых. Менавіта яны на практыцы рэалізуюць хрысціянскія прынцыпы. Але ў жыцці сустракаюцца розныя людзі… Беларусь – еўрапейская краіна, нягледзячы на ўвесь савок, які яшчэ застаўся. Думаю, ён хутка выветрыцца.
Якія тры галоўныя дасягненні беларускай апазіцыі Вы б назвалі?
Апазіцыя з’яўляецца адлюстраваннем грамадства: як і грамадства яна неаднародная. Разнастайнасць – гэта добра, плюс. Здольная выжываць у вельмі неспрыяльных умовах. Упартыя і смелыя людзі – галоўны бонус.
Якія тры галоўныя памылкі беларускай апазіцыі, на Ваш погляд?
Не ўмеюць аб’ядноўвацца – персанальныя амбіцыі бываюць вышэй за нацыянальныя інтарэсы. Дрэнна піяраць праграмы рэформ – шмат крытыкі ўладаў, а прапановаў мала. Вялікая частка займаецца імітацыяй дзейнасці, а не дзейнічае.
Ваш зварот да чытачоў сайту БХД – у некалькі сказаў.
Не чакайце, што нехта вырашыць вашы праблемы. І самі яны не знікнуць. Вырашайце іх.