Лідарскія курсы Севярынца пачаліся з аншлагам
У Менску пачаліся трохмесяцовыя бясплатныя лідарскія курсы Паўла Севярынца, раней вядомыя як “Курсы дыджэяў Адраджэння”. Першы занятак у культурніцкай прасторы “Тартак” сабраў поўную залю ўдзельнікаў усіх узростаў. Акрамя менчукоў, прыехалі жадаючыя кшталтаваць свае лідарскія здольнасці з Лынтупаў, Нарачы, Радашковічаў ды Лагойску.
Нагадаем, пераможцамі папярэдніх курсаў, якія праводзяцца з 1999 года, былі Андрусь Кім і Наста Палажанка-Дашкевіч, Зміцер Хведарук і Барыс Гарэцкі, Дзяніс Садоўскі і Вольга Кавалькова, Алесь Мазанік і Алег Корбан, ды многія іншыя лідары новага пакалення.
Праграма курсаў уключае заняткі па беларусазнаўстве, індывідуальнай і масавай псіхалогіі, тэорыі і практыцы шоў, менеджменце, распазнаванні паклікання, адказным лідарстве, медыйных і сеткавых тэхналогіях, а таксама практычныя выпрабаванні.
Курсы праходзяць пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”.