БХД і Алена Анісім ініцыююць прыняцце новага закона аб адукацыі

20 кастрычніка 2018 11:59  |  Галоўныя навіны

БХД і Алена Анісім ініцыююць прыняцце новага закона аб адукацыі

 

Беларускія хрысціянскія дэмакраты сумесна з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Аленай Анісім ініцыююць прыняцце новага закона аб адукацыі. Пра гэта па выніках адпаведнага круглага стала паведаміў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

“Дамовіліся: ствараем рабочую групу, у якую ўвойдуць эксперты, прадстаўнікі моладзевых, грамадскіх арганізацый. Праект закона на працягу бліжэйшага месяца будзе выстаўлены на грамадскае абмеркаванне. А затым, выкарыстоўваючы мандат Алены Анісім, мы спадзяемся ўжо ў вясновую сесіюўнесці законапраект на разгляд Палаты прадстаўнікоў. Мы выдатна разумеем, што без грамадскай кампаніі ў падтрымку рэформы сістэмы адукацыі, міністэрства наўрадці пагодзіцца на змены, якія сёння так неабходныя, каб зрабіць нашу сістэму адукацыі канкурэнтназдольнай ў сучасным свеце. Таму заклікаю усіх грамадскіх актывістаў, экспертаў, вучняў, студэнтаў, бацькоў, чые дзеці атрымліваюць адукацыю – дасылайце свае прапановы і далучайцеся да грамадскай кампаніі за рэформу сістэмы адукацыі”, – адзначыў ён.

Акрамя таго, Віталь Рымашэўскі ўзгадаў важныя рэчы, якія можна вырашыць яшчэ да прыняцця закона. “Напрыклад, забяспечыць роўныя магчымасці для навучання на беларускай мове ў школах. Для гэтага дастаткова, каб пры прыёме заявы ад бацькоў выканкамы прапаноўвалі выбар мовы. Цяпер жа гэта толькі руская мова, і для таго, каб адкрыць беларускі клас, бацькам трэба прайсці “сем колаў чынавенскага пекла». Так не павінна быць. Маладыя хрысціянскія дэмакраты сумесна з іншымі моладзевымі арганізацыямі будуць дамагацца раўнапраўя ў гэтым пытанні”, – заявіў сустаршыня БХД.

Ініцыятарамі Круглага стала сталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім, сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, лідар Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў Марына Хоміч.

Сярод экспертаў прысутнічалі Уладзімір Дунаеў, кандыдат філасофскіх навук, прафесар, першы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (1992-2008), член грамадскага Балонскага камітэта; Мікалай Кванталіяні, нацыянальны каардынатар БНП ФГС УП; Павел Церашковіч, эксперт грамадскага Балонскага камітэта, прадстаўнік Нацыянальнага універсітэта імя Ніла Гілевіча; Святлана Мацкевіч, загадчык кафедры сацыяльнай работы, кіравання і сацыяльнага права ў РДСУ філіял у Мiнску.

Болей навін