Севярынца і Дашкевіча выклікаюць у міліцыю «ў якасці ўдзельнікаў крымінальнага працэсу»
Сустаршыню аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, а таксама актывістаў апазыцыі Зьміцера Дашкевіча, Ганну Шапуцьку і Дзяніса Ўрбановіча выклікаюць раніцай 29 кастрычніка ў Бараўлянскі аддзел міліцыі Менскага РУУС «у якасьці ўдзельнікаў крымінальнага працэсу».
Пра гэта паведаміў Павал Севярынец, які 28 кастрычніка прымае ўдзел у традыцыйным шэсьці «Дзяды».
Палітык адзначыў, што ў позьве, якую ён атрымаў па пошце, не пазначана, які статус ён мае. Таксама незразумела, пра якую крымінальную справу ідзе гаворка. Паводле слоў Севярынца, ён мае намер праігнараваць выклік.
Паводле БелаПАН, Ганна Шапуцька пацьвердзіла атрыманьне позвы. Яна мяркуе, што выклік зьвязаны з актыўнасьцю ўдзельнікаў кампаніі ў абарону Курапатаў і байкоту рэстарану «Поедем поедим», які пабудаваны каля ўрочышча.