“Зрабіць найлепшы раён”. У Альшанцы з’явіўся свой інфармацыйны бюлетэнь
Першых 299 асобнікаў інфармацыйнага бюлетэня “Наша Альшанка” раздалі ў нядзелю 18 лістапада. Яго аўтары плануюць з дапамогай гэтага самвыдату звярнуць на сябе ўвагу гарадскіх уладаў і зрабіць новы мікрараён найлепшым у Гродне.
Вырашылі ісці ў народ
Рэдактарам бюлетэня з’яўляецца гродзенскі актывіст БХД Яўген Дудкін. Яго каманда – жыхары мікрараёна Альшанка.
“У раёне склалася каманда людзей, якія хочуць зрабіць Альшанку найлепшым раёнам горада, – распавядае Яўген Дудкін. – Адкуль такое жаданне? Я, мае сябры і калегі-аднадумцы жывём у Альшанцы. У 2017 годзе летам мы склалі электронную петыцыю, якая прымусіла гаварыць аб праблеме адсутнасці школы нават рэспубліканскія СМІ. У выніку, на асабістай сустрэчы са старшынёй гарвыканкама ўжо праз два тыдні быў запланаваны пошук з абласнога бюджэта двух мільёнаў рублёў”.
Яўген кажа, што пасля восенькай сустрэчы са старшынёй гарсавета іх прапанова будаваць паліклінікі ў Альшанцы прымусіла ўлады горада шукаць грошы на 2020 год.
“Наша каманда жыхароў Альшанкі гэта зрабіла. Але людзі пра гэта не ведаюць, бо групы ў сацыяльных сетках маюць мала падпісантаў. Таму мы вырашылі ісці ў народ, да кожнага жыхара. Наша “газета” будзе друкаваць матэрыялы пра жыццё мікрараёна, яго людзей, праблемы, якія варта вырашаць”.
Ужо ёсць вынікі
Вырабляюць бюлетэнь гродзенцы за ўласныя грошы і на ўласным прынтары згодна заканадаўствам Беларусі. Акрамя гэтага Яўген Дудкін актыўна вядзе группы “Наша Альшанка” ў сацыяльных сетках.
“Большасць нашай каманды – сябры БХД. Яны дапамаглі з парадай юрыста, правіламі друку. Планавалі выдаць першы выпуск 1-3 лістапада, але з-за рэдагавання затрымаліся на два тыдні: варта было ўдакладніць дэталі заканадаўства.
Будзем глядзець на рэакцыю грамадства, жыхароў. Калі ім патрэбна інфармацыя пра барацьбу сваіх суседзяў за лепшае жыццё ў Альшанцы, то працягнем друк навін. Будзем дапамагаць абараняць правы і інтарэсы грамадзян. Напрыклад, у канцы лета выявілі безалабернасць будаўнікоў пры будаўніцтве школы і прылеглай тэрыторыі: з гэтай прычыны залівала вадой і наносіла пяском дзіцячыя пляцоўкі і дарогі дамоў 7 і 5 па вуліцы Агінскага. Аказалася, што адна з арганізацый не зрабіла своечасова ліўнёўку. Улады пасля нашых зваротаў пачалі працаваць па гэтай справе”.
Хто плаціць, той і музыку заказвае
Пакуль бюлетэнь чорна-белы і змяшчаецца на лісце А4. Яўген Дудкін распавядае, што ў будучыні яго каманда хоча мець каляровы прынтар, каб зрабіць выгляд выдання больш прывабным.
“Магчыма, у будучыні знойдзецца мецэнат, бо мы хочам нашу ініцыатыву зрабіць яшчэ лепшай ды эфектыўнейшай. Мы лічым патрэбным, каб адбылася канструктыўная размова з уладамі, каб яны чулі жыхароў Альшанкі з іх праблемамі. Каб праблемы вырашыліся не за закрытымі дзвярыма, а з улікам пажаданняў і прапаноў грамадзян. Мы плацім заробкі чыноўнікам праз свае падаткі. А хто плаціць, той і музыку заказвае”.
Праблемы Альшанкі абмяркуюць з дэпутатам Канапацкай
Яўген Дудкін распавядае, што яго каманда ўжо дамовіліся з дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай аб сустрэчы з жыхарамі Альшанкі. Яна пройдзе 24 лістапада, у суботу, у 12:00 у гасцініцы “Турыст”. Праблемы агучаць самі жыхары Альшанкі, каб потым дэпутат, карыстаючыся сваімі паўнамоцтвамі, магла разам з імі выпрацаваць план дзеянняў.
“Будзем абмяркоўваць тэмы будаўніцтва паліклінікі, якое замарудзілі гарадскія ўлады, сістэму адукацыі і якасці будаўніцтва жылля. Запрашаем усіх жыхароў Альшанкі падпісвацца на нашы групы “Наша Альшанка”ў сацыяльных сетках , чытаць нашу газету, пісаць свае каментарыі і прапановы”.