Рэзалюцыю ў абарону беларускай дзяржаўнасці ў Палаце прадстаўнікоў “прымуць да ведаму”

09 лютага 2019 13:36  |  Палітыка

Рэзалюцыю ў абарону беларускай дзяржаўнасці ў Палаце прадстаўнікоў “прымуць да ведаму”

 

Рэзалюцыю віцебскай абласной канферэнцыі “Беларуская дзяржаўнасць. Гісторыя і сучаснасць”, якая прайшла ў Віцебску 5 студзеня і была перададзена дэпутату Палаты прадстаўнікоў ад Віцебска, сябру Пастаяннай камісіі па дзяржаўнай бяспецы Васілю Чэкану падчас сустрэчы з ім 24 студзеня, прымуць да ведаму.

Пра гэта паведаміў актывістам БХД і ініцыятывы “Віцебск – горад наш” сам Васіль Чэкан.

У рэзалюцыі ішла гаворка пра тысячагадовую гісторыю беларускай дзяржаўнасці, трагічныя для Беларусі старонкі шматвекавой акупацыі ўсходнім суседам, нахабнае ўмяшальніцтва ў справы незалежнай краіны на працягу амаль 30-і год незалежнасці, папярэджанне аб дэманстратыўных намерах акупацыі Беларусі Расеяй, праявах “рускага міру”, які легальна дзейнічае на тэрыторыі нашай краіны, заклік пакласці гэтаму канец.

““Прымуць да ведама”…- гэта што азначае? Што прааналізуюць сітуацыю ў краіне, адменяць рэгістрацыі ўсякіх прарасейскіх казачых фармаванняў, забароняць “Рускія дамы”, загадаюць даішнікам вылоўліваць каларадаў на дарогах, зачыняць, нарэшце, ганебны кабак у Курапатах? Перастане, нарэшце, кіраўнік краіны нахіляцца, каб смаркнуцца ў камізэльку расейскаму сабрату па пасадзе? Адказнасць за недатыкальнасць межаў краіны Беларусь, бяспеку і пакой яе жыхароў ляжыць на вас, спадарства з Пастаяннай камісіі па дзяржаўнай бяспекі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Прыміце да ведама і гэта! Вы ж самі сябе туды прызначылі. На сябе ўзялі гэтую адказнасць!” – падкрэсліла Таццяна Севярынец.

Болей навін