БХД і сваякі асуджаных заклікаюць падтрымаць рэформу артыкулу 328 КК (відэа)

13 сакавіка 2019 23:55  |  Галоўныя навіны

БХД і сваякі асуджаных заклікаюць падтрымаць рэформу артыкулу 328 КК (відэа)

 

Беларускія хрысціянскія дэмакраты заклікаюць падтрымаць праект закону за рэформу судовага і крымінальнага заканадаўства, які быў распрацаваны БХД супольна са сваякамі асуджаных і зараз знаходзіцца ў Палаце прадстаўнікоў. Дакумент мусіць быць вынесены на наступную сесію.

“Сённяшняя практыка ўжывання крымінальнага заканадаўства ў Беларусі пакідае жадаць лепшага. У тым ліку і па артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу. Неабходныя змены гэтага артыкула”, – заявіла сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

Паводле яе, гэтыя змены патрэбныя для 16 тыс. асуджаных, якія адбываюць пакаранні, звязаныя з артыкулам 328 КК. У асноўным гэта людзі 15-35 гадоў, якія былі асуджаныя на 9-15 гадоў зняволення.

БХД разам са сваякамі асуджаных прапануе не ўжываць пазбаўленне волі для ўпершыню асуджаных і размяжоўваць адказнасць у залежнасці ад цяжкасці злачынства. Таксама плануецца выключыць з Крымінальнага кодэксу паняцце “намер на збыт”, увесці градацыю па вазе наркатычных сродкаў і іншае.

Кажа Таццяна Канеўская, маці асуджанага і ініцыятарка галадоўкі сваякоў асуджаных у траўні 2018 года: “Мне б вельмі хацелася, каб нашы дэпутаты ведалі пра тое, што ў спакоі мы іх не пакінем. Асабіста я дакладна. Калі мы хочам выкараніць гэтую праблему, то ніяк не пасадзіць. Трэба замест турмаў адчыняць рэабілітацыйныя цэнтры, пачынаць лекаваць наркаманаў, і тады гэтая праблема сыйдзе нашмат хутчэй”.

Алена Кушынская, чый сын быў асуджаны на 10 гадоў за захоўванне і спажыванне марыхуаны, лічыць, што пакаранне мусіць быць адэкватным. “Падыход да разгляду справаў па арт. 328 мусіць быць цалкам перагледжаны. Ён няправільны. Людзям, упершыню асуджаным, не даюць аніякага шанцу ні на якую рэабілітацыю, ні нашто”, – заявіла яна.

Як адзначыла Вольга Бандарык, у якой асуджаны муж, лічыць беларускае заканадаўства празмерна жорсткім. “Такая колькасць (асуджаных – рэд.) маладых людзей – гэтая вялікая трагедыя для ўсёй беларускай дзяржавы і для нашага пакалення”, – падкрэсліла яна.

Прапануемыя змены падтрымалі кіраўнік праваабарончай ініцыятывы “Платформа” Андрэй Бандарэнка і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

“Праблема 328 – гэта нацыянальная катастрофа для Беларусі. Сёння кожны трэці асуджаны ў вязніцы – гэта чалавек, асуджаны па гэтым артыкуле. Мы за тое, каб наркабароны сядзелі ў вязніцах, а іх ахвяры атрымлівалі падтрымку”, – падсумаваў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін