Ці будзе ў Віцебску бібліятэка імя Васіля Быкава? Адказу пакуль няма
За перайменаванне бібліятэкі імя Леніна ў бібліятэку імя Васіля Быкава і супраць канцэртаў Каліны на Віцебшчыне – тэмы, якія абмяркоўвалі 27 сакавіка актывісты БХД з Уладзімірам Пеніным, намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама, адказным за пытанні культуры.
Таццяну Севярынец, Ірыну Захараву і Алену Шабуню выслухалі, паабяцалі сфармуляваць адказ у адпаведнасці з заканадаўствам.
Што тычыцца гастроляў так званага барда Каліны, то суразмоўцы схаваліся за законнасць дакументаў, якія Каліна ім прад’явіў, і тэкстаў “песень”, якімі ён хацеў ашчаслівіць недасведчаных слухачоў Шаркаўшчыны, Лёзна і г.д. Актывістам паведамілі, што жыхары райцэнтраў не “прагаласавалі” сваімі кашалькамі ні ў Шаркаўшчыне, ні ў Лёзна за песні “пра любов”. Наступны правал “спявака”, хутчэй за ўсё, адбудзецца і ў Полацку. У аблвыканкаме падчас сустрэчы з грамадскімі актывістамі сказалі, што наконт асобы Каліны будзе зроблены запыт у пракуратуру.