Мінская БХД: Расліны-агрэсары. У каго не баліць галава?
Дзіўныя справы дзеюцца ў нашай сельскай гаспадарцы. З аднаго боку пашыраюцца пасяўныя плошчы: бяздумна разорваюцца прыдарожныя ахоўныя палосы і вясковыя вулкі, з другога – тысячы гектараў заняла так званая інвазійка, расліны-агрэсары, і ніхто не хоча траціць на іх сілы і сродкі.
Кожны год сябры прыроды з мінскай гарадской суполкі БХД ладзяць экалагічныя рэйды па ўборцы зон адпачынку і стрымліванні зараснікаў баршчэўніку. На гэты раз мы пабывалі на Пцічанскім водасховішчы. Патрабавала клопату засмечаная сцежка па левы бок, што вядзе да рыбацкіх мосцікаў і пляжа.
Сам пляж абкошаны і больш-менш абсталяваны (не хапае толькі парасонаў ад сонца), але на падходах і далей, па Пцічы, у рост бярэцца расліна-агрэсар.
Мы пабачылі чараду дубоў на беразе і рэдкія ў Беларусі “чырвонакніжныя” расліны, сустрэлі вывадак дзікай качкі. Як заўсёды, зносілі смецце, фатаграфавалі ачагі зялёнага захопніка. Віталь Рымашэўскі (дзякуючы якому і адбылася паездка) з нашым правадніком, эколагам Леанідам Чумаковым выкладвалі інфармацыю ў сацыяльныя сеткі. Прыродаахоўная служба Мінскага раёна будзе апавешчана аб новых мясцінах расліннай энвазіі.
Галіна Каржанеўская