Беларускія хрысціянскія дэмакраты пачалі кампанію ў абарону беларускага лесу

25 ліпеня 2019 17:22  |  Галоўныя навіны

 

Беларускія хрысціянскія дэмакраты пачалі кампанію ў абарону беларускага лесу

 

БХД пачала збор подпісаў пад петыцыяй з заклікам спыніць татальную высечку беларускага лесу і забараніць вываз кругляка за мяжу. Шэраг экспертаў у галіне лесакарыстання, дрэаапрацоўкі, экалогіі, аховы прыроды на працягу двух тыдняў абмяркоўвалі першачарговыя меры, неабходныя для захавання беларускага лесу.

“Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, на працягу некалькіх гадоў назіраем па ўсёй тэрыторыі краіны барбарскую вырубку лесу. Вырубка імкліва паскорылася ў апошнія месяцы. Лес, які яшчэ не дасягнуў спеласці, татальна высякаюць, пакідаючы толькі кромкі вакол дзялянак.” – паведамляюць складальнікі.
“Больш таго, вясной 2019 года ў Беларусі была адмененая забарона на вываз круглага дрэва – і вырубка лесу набыла сапраўды катастрафічныя маштабы.
Беларусы за валюту набываюць гатовую прадукцыю з драўніны (паперу, тару, піламатэрыялы, мэблю), вырабленую за мяжой з беларускай сыравіны!
Лясгасы не паспяваюць высаджваць лес на ўсіх вырубленых дзялянках, многія з іх зарастаюць падлескам і забалочваюцца. Але нават і там, дзе паспяваюць – лісцёвым пародам патрэбна 40-50 гадоў для дасягнення спеласці, а хваёвым – 70-80 гадоў.”- сцвярджаюць аўтары петыцыі.

Складальнікі петыцыі патрабуюць:
1. Адмовіцца ад выкарыстання суцэльных высечак, якія знішчаюць экасістэму, у лясах Рэспублікі Беларусь.
2. Увесці мараторый на вырубку ў дубровах, як у большасці выпадкаў рэдкіх біятопаў, які цяжка і часам не магчыма ўзнавіць раней, чым праз 100 гадоў.
3. Забараніць вываз кругляка на экспарт за мяжу.
4. Прыпыніць будаўніцтва новых дарог у лясах заказнікаў і іншых ААПТ, у прыватнасці, Альманскім, і просекаў для ЛЭП БелАЭС.
5. Спыніць падсочку хвоі ў рэгіёнах, дзе назіраецца развіццё караедаў.
6. Прадугледзець абавязковы ўдзел грамадскасці ў абмеркаваннях праектаў лесаўпарадкавання лясгасаў.
7. Стварыць грамадскую раду пры Мінлясгасе з удзелам прадстаўнікоў і экспертаў ад грамадскіх арганізацый.
Падпісаць петыцыю можна тут: https://petitions.by/petitions/2727  
Петыцыя будзе накіраваная ў Міністэрства лясной гаспадаркі і Адміністрацыю прэзідэнта.

Болей навін