Ва Украіне прайшоў Міжнародны летнік хрысціянскіх дэмакратаў Усходняй Еўропы

30 ліпеня 2019 14:33  |  Палітыка

Ва Украіне прайшоў Міжнародны летнік хрысціянскіх дэмакратаў Усходняй Еўропы

 

Дэлегацыя сяброў БХД прыняла ўдзел у Міжнародным летніку хрысціянскіх дэмакратаў Усходняй Еўропы «Хрысціянская дэмакратыя ва Ўсходняй Еўропе ў кантэксце агульнаеўрапейскіх выклікаў». 25-27 ліпеня ў горадзе Ірпень, на пляцоўцы Цэнтру хрысціянскага жыцця, сустрэліся прадстаўнікі Нідэрландаў, Украіны, Беларусі, Расеі.

Удзельнікі пагадзіліся, што сучаснае жыццё нясе пэўныя выклікі хрысціянскаму свету: войны, гвалт, секулярызацыя, папулізм, дыктатуры.

Як рэалізоўваць хрысціянскія каштоўнасці ў палітычнай дзейнасці? Досведам вырашэння гэтай праблемы, а таксама рэалізацыі хрысціянска-дэмакратычных прынцыпаў у мясцовым самакіраванні падзяліўся Арноўд Проас – дарадца Рэфарматарскай палітычнай партыі ў муніцыпалітэце Барэндрэхта (Нідэрланды). Пра праблемы сучаснага грамадства і адказы на іх распавёў Вілка Кодэ (Нідэрланды), а Аліса Мідэлкоап, выкладчыца Універсітэта для хрысціянскіх настаўнікаў (Нідэрланды) распавяла пра магчымасці і рэальнасць хрысціянскай адукацыі.

Ва Украіне прайшоў Міжнародны летнік хрысціянскіх дэмакратаў Усходняй Еўропы

З боку Украіны мы пачулі такіх вядомых прадстаўнікоў хрысціянскай дзейнасці, як Мікалая Харламянкова, Рыгора Каменданта, Аляксандра Заеца, Альбіну Паранюк, Юрася Рашэтнікава – прадстаўнікоў актыву хрысціянскага жыцця краіны. Яны прааналізавалі стан сённяшняй краіны, неабходнасць хрысціянскай адукацыі, а на Круглым стале абмеркаваліся самыя вострыя пытанні хрысціянскай актыўнасці. Ва ўсіх дыскусіях прадстаўнікі Беларусі, а сярод іх былі і сябры БХД Віцебска, Менска, Берасця, Кобрына, прынялі самы актыўны ўдзел і распавядалі пра сваю дзейнасць ва ўмовах дыктатуры.

Георгій Дзмітрук прэзентаваў свой фільм «Прыгавораны да смерці будзе жыць» пра Эрнэста Сабілу. Гэтая дакументальная стужка стала момантам натхнення для прысутных у сваіх прынцыпах і пакліканні.

Гаспадары на развітанне арганізавалі ўдзельнікам экскурсію па Кіеву, спадарожнікам якога з’яўляецца Ірпень. Самыя лепшыя ўражанні ад сустрэчы, прамоваў, дыскусіяў павезлі па сваіх краінах удзельнікі. Наперадзе – увасабленне мараў, планаў, намераў у дзейнасць у імя Госпада. Любові да Яго, жыцця і людзей!

Болей навін