Святлана Шэвела: замест бур’яну – дзіцячую пляцоўку і трэнажоры (відэа)
Актывістка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі з Магілёву Святлана Шэвела ў сваім відэазвароце з нагоды парламенцкай кампаніі адзначыла, што ў яе двары па вуліцы Ямніцкай за 20 гадоў, якія яна тут жыве, нічога не змянілася. Няма зменаў і ў раёне.
На мясцовым пустыры ў 1990-я гады пачалі былі будаваць дзіцячы садок, але так і не скончылі.
“Зусім нядаўна пад’ехалі машыны, разабралі пліты, цэглу, усё звезлі. Усё зарасло бур’янам. Так мы засталіся без дзіцячага садку”, – заявіла актывістка.
На яе думку, на месцы пустыру можа змесціцца добрая дзіцячая пляцоўка, дзіцячы гарадок, невялікі стадыён ды трэнажоры.
“У нас не пайсці няма куды, ні адпачыць няма дзе, ні спортам заняцца няма дзе. Дзецям нашым гуляць – хіба што ў бур’яне”, – распавяла Святлана Шэвела.
Вырашыць гэтыя праблемы яна збіраецца з дапамогай праграмы БХД, якая прадугледжвае празрыстасць камунальных выдаткаў і магчымасць накіроўваць ашчаджаныя сродкі на добраўпарадкаванне.
“Я збіраюся балатавацца ў парламент нашай рэспублікі для таго, каб жыццё ў маім горадзе і ў Беларусі стала лепшым, стала яскравейшым, стала цікавейшым”, – падкрэсліла актывістка.