Пераможцаў журналісцкага пралайф-конкурса “Жыццё пад Сэрцам” узнагародзілі ў Мінску

20 верасня 2019 16:03  |  Грамадства

Пераможцаў журналісцкага пралайф-конкурса “Жыццё пад Сэрцам” узнагародзілі ў Мінску

 

Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў 19 верасня ўзнагародзіла пераможцаў журналісцкага пралайф-конкурсу “Жыццё пад Сэрцам” у чацвёрты раз. Сёлета журы абірала лепшыя матэрыялы ў трох намінацыях:  “Лепшы інфармацыйны матэрыял”, “Лепшы аналітычны матэрыял”, “Лепшы мастацка-публіцыстычны матэрыял”.

Сябрамі журы ў гэтым годзе сталі: праваслаўны святар Георгій Рой, каталіцкі святар Кірыл Бардонаў і журналістка Святлана Шырвель, верніца пратэстанцкай канфесіі.

Святлана Шырвель на імпрэзе ўзнагароджвала пераможцаў: “Я вельмі ўзрадавалася, калі мне прапанавалі быць журы конкурсу, з нецярпеннем чакала прац. У наступным годзе сама хачу паўдзельнічаць!”. На думку Святланы, важным чыннікам у ацэньванні прац было тое, што быў крытэрый наяўнасці хрысціянскай пазіцыі ў тэкстах: Немагчыма нічога рабіць без Бога”.

Павел Севярынец, адзін з тых, хто стаяў у вытокаў конкурсу, натхніў пераможцаў і ўдзельнікаў, сказаўшы, што такога кшталту матэрыялы вельмі патрэбны, бо іх могуць прачытаць і тыя, хто непасрэдна прымае рашэнні аб абмене абортаў. “Не думайце, што нас мала. На самой справе наш голас гучыць гучна. Варта і далей працягваць казаць пра такія рэчы”, – сказаў Павел.

У намінацыі “Лепшы інфармацыйны матэрыял” перамагла Вольга Качалка, журналістка часопіса “Ave Maria”. Дарэчы, Вольга перамагае ў конкурсе ўжо другі раз: “У другі раз перамагло менавіта інтэрв’ю. І я зноўку кажу, што гэта не мая заслуга – гэта заслуга маіх герояў. Яны вартыя таго, каб з іх браць прыклад. А я… проста я магу знайсці такіх герояў”.

У намінацыі “Лепшы мастацка-публіцыстычны матэрыял” перамог матэрыял Фаіны Малюжэнец. Сама Фаіна жыве ў Наваградку. “Я па адукацыі простая бібліятэкарка”, –падзялілася Фаіна. Але яна стала пісаць тэксты ў каталіцкія выданні. Фаіна пабачыла абвестку пра конкурс і даслала свой матэрыял, які ў выніку перамог!

Не адбыўся конкурс сярод аналітычных матэрыялаў. Але члены журы адзначылі матэрыялы Ганны Галкоўскай, галоўнага рэдактара сайта pro-life.by. Упершыню паспрабаваў свае сілы у конкурсе Сергій Мельянец. Яго матэрыял, які, як прызнаўся аўтар ён перарабіў са сваёй лекцыі, журы адзначыла як досыць грунтоўны і евангелізацыйны.

Адзначылі члены журы і матэрыял Іны Сінкевіч, якая напісала пра асабісты вопыт пазбягання аборту.

Напрыканцы імпрэзы з цёплымі спевамі выступіў сябар Супольнасці хрысціянскіх журналістаў і блогераў Зміцер Цярэнцьеў.

Артыкулы пераможцаў можна будзе хутка прачытаць на Krynica.info.

Спонсарам конкурсу выступіла беларуская хрысціянская крама “Kroplia.by”.

Krynica.info

Болей навін