У Менску на пікеце БХД пачаўся збор подпісаў за адстаўку Карпенкі (фота)
21 верасня каля “Брамы Менску” на скрыжаванні вуліц Кірава і Бабруйская адбыўся супольны пікет прамоўцаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі падчас парламенцкай кампаніі. Удзел у пікеце сярод іншых узялі сустаршыні БХД Віталь Рымашэўскі і Вольга Кавалькова, прамоўцы Надзея Гацак, Ігар Лабкоў, Ганна Акінчыц ды іншыя.
Асноўнымі тэмамі пікету стануць рэформа беларускай адукацыі і выбарчага заканадаўства, свабодныя выбары. У тым ліку запланаваны збор подпісаў за адстаўку міністра адукацыі Ігара Карпенкі.
У прыватнасці, актывісты збіралі подпісы за адстаўку міністра адукацыі Ігара Карпенкі, пры якім адукацыя ў Беларусі толькі робіцца горай.
“Я маці трох дзяцей і лічу, што нашы дзяцей вартыя лепшай адукацыі. Міністэрства адукацыі павінна заахвочваць да навучання, а не ствараць чарговыя перашкоды”, – заявіла прамоўца Надзея Гацак, на акрузе якой і прайшоў пікет.
Падчас перадвыбарчага пікету невядомы чалавек у цывільным, які адмовіўся прадстаўляцца, папярэдзіў Надзею Гацак, што ёй на тыдні могуць вынесці афіцыйнае папярэджанне.
Адзначым, што збор подпісаў за адстаўку міністра Ігара Карпенкі праводзіцца таксама анлайн https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLScX2t0g4IyRmLKNiXJnVV17Htea_R5tBS6waMMWbLKq3tIbsA/viewform?fbclid=IwAR2KFUWmx-6-VlB7sfMYsgtgHe9I3TAgqNhKVmIKCle-ZYGDSFf7pQgrfeA.
Тэкст звароту:
Прэзідэнту Беларусі
Лукашэнку А.Р.
Старшыне Савету міністраў
Румасу С.М.
Калектыўны зварот
Мы, грамадзяне Беларусі, патрабуем адстаўкі Міністра адукацыі Беларусі Карпенкі Ігара Васільевіча як чалавека, які не спраўляецца з ускладзенымі на яго прафесійнымі абавязкамі.
Толькі за 2019 год у школах Беларусі адбылося дзве гучныя справы, якія мелі рэзананс нават за межамі краіны: забойства двух чалавек у СШ № 2 у Стоўбцах і скандал паміж настаўніцай і вучнем у СШ № 15 у Гомелі. За першы выпадак кіраўніку Мінадукацыі была абвешчана вымова за непрыняццё належных мер па забеспячэнні бяспечных умоў знаходжання дзяцей ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, за другі – папярэджанне аб няпоўнай службовай адпаведнасці.
Пад кіраўніцтвам Ігара Карпенкі ў Беларусі актыўна змяншаецца доля дзяцей, якія навучаюцца на беларускай мове. Калі ў 2016/2017 навучальным годзе, калі новы міністр узначаліў Мінадукацыі, доля першакласнікаў, якія навучаліся па-беларуску, складала 11,3%, то ў 2018/2019 – толькі 9,7%.
Пад кіраўніцтвам Ігара Карпенкі ў Беларусі не развіваюцца гімназіі і профільныя класы школаў. Пры маўклівай згодзе міністра Карпенкі быў прыняты закон аб адтэрміноўках. Паводле новых заканадаўчых норм, маладыя людзі згубілі магчымасць атрымаць адтэрміноўку для працягу адукацыі ў магістратуры і/ці аспірантуры, як і большасць выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Усё гэта не спрыяе развіццю адукацыі ў Беларусі і развіццю краіны ў цэлым.
Пад кіраўніцтвам Ігара Карпенкі, які да свайго прызначэння ўзначальваў Камуністычную партыю Беларусі, у кіраўніцтва Міністэрства адукацыі сталі актыўна пранікаць людзі, непасрэдна звязаныя з КПБ, якія імкнуцца падпарадкаваць і праводзіць дзяржаўную палітыку ў сферы адукацыі згодна з ідэалогіяй адной партыі – КПБ. Доказ таму адказны сакратар КПБ Андрэй Лазуткін, які пры новым міністры стаў працаваць у прэс-службе Міністэрства адукацыі. На нашу думку, гэта з’яўляецца сведчаннем кумаўства, а то і карупцыі, у міністэрстве.
Пад кіраўніцтвам настаўнікі актыўна прыцягваюцца да неўласцівай іх функцыям дзейнасці, у тым ліку да правядзення перапісу насельніцтва 2019 года.
У сувязі з вышэй пералічаным мы патрабуем неадкладна адхіліць Карпенку Ігара Васілевіча ад пасады міністра адукацыі РБ.