Таццяна Канеўская: трэба вырашаць праблемы перанаселеных мікрараёнаў! (відэа)
Кандыдатка ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Палату прадстаўнікоў Таццяна Канеўская ў сваім відэазвароце распавяла пра праблемы гомельскага мікрараёну Любенскі.
“Дамы пабудаваныя, людзі заселеныя, але тут зусім няма ніякай інфраструктуры. Тут няма ні дзіцячых садкоў, ні дзіцячых пляцовак, ні паліклінікі – нічога. Каб патрапіць у паліклініку ці яшчэ кудысьці, трэба ехаць вельмі далёка”, – адзначыла актывістка БХД.
На яе думку, бюджэтныя грошы перадусім мусяць ісці на інфраструктуру такіх мікрараёнаў.
Таццяна Канеўская адзначыла, што ў ейнай акрузе падобных мікрараёнаў чатыры. Паводле яе, праблемы паўсюль аднолькавыя – адсутнасць паліклінік, дзіцячых садкоў і вялікая перанаселенасць, у тым ліку шмат дзяцей.
Актывістка заявіла, што каб вырашыць гэтыя праблемы, яна і вырашыла балатавацца.
“Запрашаю ўсіх у сваю ініцыятыўную групу. Запрашаю ўсіх падтрымаць, дапамагчы мне”, – сказала яна.