Праект беларусізацыі 3000 цэркваў сабраў больш 30% сродкаў

02 кастрычніка 2019 21:39  |  Галоўныя навіны

Праект беларусізацыі 3000 цэркваў сабраў больш 30% сродкаў

На краўдфандынгавай платформе “Моламола” ідзе збор сродкаў на беларусізацыю ўсіх цэркваў краіны праз выданне і распаўсюд 150 найлепшых беларускамоўных хрысціянскіх хітоў на mp-3 дысках, USB і праз QR-коды. На гэты момант з патрэбных 6400 рублёў сабрана 2040, пераважна прыватна. Найбольш ахвяравалі беларусы замежжа.

 

“У большасці праваслаўных і пратэстанцкіх цэркваў Беларусі, а таксама ў некаторых касцёлах не гучыць беларуская мова. Гэта робіць хрысціянскую супольнасць уразлівай перад расійскай прапагандай і аслабляе незалежнасць Беларусі,” – лічаць арганізатары.

У Беларусі – каля 3000 царкоўных прыходаў, парафіяў, грамадаў. Ідэя ў тым, каб кожная праваслаўная, каталіцкая, пратэстанцкая грамада бясплатна атрымала калекцыю 150 найлепшых беларускамоўных хрысціянскіх спеваў – зборнік “Беларускі хрысціянскі хіт” у фармаце mp-3 з QR-кодам для спампоўвання альбо USB-флэшку. Будуць надрукаваныя інфармацыйныя паштоўкі і плакаты з QR-кодам для спампоўвання зборніка – ды бясплатна перададзеныя ў хрысціянскія грамады для распаўсюду і размяшчэння на інфармацыйных стэндах.

З аднаго боку, гэта паспрыяе беларусізацыі цэркваў і больш высокай свядомасці ўсіх канфесіяў у служэнні народу Беларусі. З другога боку, цэрквы атрымаюць цэлы скарб спеваў праслаўлення, хрысціянскіх гімнаў, баладаў, спеваў на Раство, Вялікдзень ды іншыя святы. Па-трэцяе, зборнік, які мае міжканфесійны характар, паспрыяе супрацы і ладу паміж праваслаўнымі, каталікамі і пратэстантамі Беларусі,” – сцвярджае каманда праекту.

Беларускі хрысціянскі хіт — музычная серыя, якая была заснаваная ў 2008 годзе. На працягу дзесяці гадоў праваслаўны Павел Севярынец, пратэстантка Валянціна Шычко і каталічка Вольга Севярынец сабралі і выдалі больш за 150 найлепшых беларускіх хрысціянскіх спеваў. Спярша былі «Хрысціянскія гімны» (2008), «Хіты праслаўлення» (2009), зборнік калядных хітоў «Хрыстос нарадзіўся!» (2009), велікодных «Хрыстос уваскрос!» (2010), складанкі «Бардаўскі хрысціянскі хіт» (2010) і «Беларускі пілігрымскі хіт» (2014), затым – альбом патрыятычных хітоў “Люблю Беларусь” (2016) і «Беларускі хрысціянскі рок” (2018).

У «Беларускім хрысціянскім хіце» ўдзельнічаюць Зміцер Вайцюшкевіч і Вінсэнт, Алеся Унукоўская і “Тэзаўрус”, “Небасхіл” і “Ляўданс”, Інэса Леаданская і Андрусь Мельнікаў, “Псальмяры” і “ДВА”, Ганна і Ядвіга Багдановічы, Вадзім Яткоўскі і “Рыбы”, а таксама шмат іншых вядомых выканаўцаў.

Сярод аўтараў тэкстаў “Беларускага хрысціянскага хіта” – Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Янка Купала, Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Лявон Вольскі.

Запрашаем падтрымаць!

https://molamola.by/campaigns/615?fbclid=IwAR09k9Z6oVj7Yo5GxCY1YayC-s2QTTWPjOI3a1k0gQdWBrxyjrkUjybEOKg  

Болей навін