З’езд МХД заклікаў моладзь пазначаць беларускую мову роднай
З’езд аргкамітэту “Маладых хрысціянскіх дэмакратаў” 12 кастрычніка заклікаў моладзь Беларусі падчас перапісу-2019 пазначаць беларускую мову роднай і мовай хатняга ўжытку, а таксама як мага часцей ужываць яе ў сваім жыцці.
Зварот да беларускай моладзі з нагоды Перапісу-2019
Маладыя хрысціянскія дэмакраты звяртаюцца да моладзі Беларусі з заклікам пазначаць падчас Перапісу насельніцтва краіны роднай мовай і мовай штодзённага ўжытку беларускую.
Менавіта беларуская мова, а ніякая іншая, з’яўляецца роднай для беларусаў як народу, як нацыі. Аднак ва ўмовах актыўнай русіфікацыі апошніх двух стагоддзяў, якая, на жаль, не спыняецца і ў незалежнай Беларусі, многія беларусы былі дзе пугай, а дзе і пернікам навучаныя размаўляць на мове суседняй дзяржава.
Мы лічым, што гэта пагражае захаванню нацыянальнай адметнасці беларусаў і незалежнасці беларускай дзяржавы.
У гэтых умовах улады краіны вырашылі ўнесці ў перапісныя бланкі моўнае пытанне ў такой фармулёўцы, якая не спрыяе пазначэнню грамадзянамі мовы сваёй нацыянальнасці сваёй роднай мовай. І тым самым працягвае практыку на русіфікацыю Беларусі.
У сувязі з гэтым мы заклікаем моладзь Беларусі і ўсіх грамадзянаў краіны пазначаць беларускую мову мовай сваёй роднай мовай і мовай штодзённага ўжытку.
Мы таксама заклікам усіх грамадзянаў як мага часцей карыстацца беларускай мовай, хаця б у сацыяльных сетках, у размовах з роднымі ды сябрамі, у перапісцы з уладамі.
Кажучы словамі класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча, «не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі».