Актывістка БХД Таццяна Канеўская правяла агітацыйны пікет у Гомелі

21 кастрычніка 2019 09:37  |  Палітыка

Актывістка БХД Таццяна Канеўская правяла агітацыйны пікет у Гомелі

 

20 кастрычніка кандыдат у дэпутаты Гомельскай–Савецкай выбарчай акрузе №34 Таццяна Канеўская правяла ў горадзе агітацыйны пікет. На мерапрыемстве прысутнічаў доўгатэрміновы назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леанід Судаленка.

Назіральнік паведамляе, што перадвыбарчы пікет кандыдата ў дэпутаты праходзіў з 14 да 16 гадзін і насіў мірны характар. Падтрымаць кандыдата – актывістку “Матчын рух 328” Таццяну Канеўскую прыехалі яе паплечнікі з Буда-Кашалева, Калінкавіч, Жлобіна, Добруша і нават з Салігорска. На пікеце таксама былі заўважаны актывісты Аб’яднанай грамадзянкай партыі (АГП) Васіль Палякоў, Мікола Новікаў ды Алег Левянец. Ад не зарэгістраванай партыі БХД тут прысутнічала Вольга Кавалькова.

Актывістка БХД Таццяна Канеўская правяла агітацыйны пікет у Гомелі

Асобна трэба адзначыць прысутнасць на агітацыйнам пікеце другога кандыдата ў дэпутаты па Гомельскай – Цэнтральнай выбарчай акрузе №33 Уладзіміра Няпомняшчых, які прыйшоў падтрымаць сваю калегу па партыі.

Таццяна Канеўская ў размове з Леанідам Судаленкам паведаміла, што сваёй галоўнай мэтаю лічыць змяненне сітуацыі з прызначэннем суддзяў у краіне.

“Калі суддзі ў нашай краіне не будуць прызначацца, а будуць выбірацца народам, тады і служыць яны будуць у першую чаргу народу, а не як зараз уладзе. Тады і судзіць нашых дзяцей яны будуць не па замове ўлады, не па яе неадэкватных законах, а па справядлівасці”, – лічыць прэтэндэнтка ад АГП на дэпутатскі мандат.

Незалежны назіральнік Судаленка падкрэслівае, што агітацыйны пікет прадстаўніцы партыі АГП першы не толькі ў раёне назірання, але нават і ў абласным цэнтры. Іншыя зарэгістраваныя 30 кандыдатаў у 6 выбаркамах Гомеля пакуль сябе не праяўляюць ніяк.  

Гомельская Вясна

Болей навін