Таццяна Канеўская ў тэлевыступе: паводле 328 КК у турмах сядзяць толькі закладчыкі і спажыўцы (відэа)

29 кастрычніка 2019 09:54  |  Палітыка

Таццяна Канеўская ў тэлевыступе: паводле 328 КК у турмах сядзяць толькі закладчыкі і спажыўцы (відэа)

 

Кандыдатка ў дэпутаты ад БХД па Гомельскай-Савецкай акрузе № 32 Таццяна Канеўская ў сваім тэлевыступе адзначыла, што ў Беларусі з 2013 года паводле артыкула 328 КК асудзілі 18 895 чалавек.

“У асноўным гэта моладзь ад 16 да 35 гадоў, якая, пачынаючы з 2012 года, цалкам вольна набывала курыльныя сумесі, якія наш урад не кантраляваў, не забараняў. А хтосьці на гэтым зарабляў аграмадныя грошы і заставаўся беспакараным”, – заявіла актывістка.

Паводле яе, улады заняліся праблемай толькі тады, калі дзеці сталі забіваць сябе і адно аднаго пад уздзеяннем гэтых сумесяў. І ў снежні 2014 года быў падпісаны дэкрэт пра ўзмацненне пакарання паводле артыкулу 328.

“І тут пачалося. Аператыўнікі пачалі выконваць план па затрыманнях нарказлачынцаў. Часам самі правакавалі моладзь на пакупкі. З’явіліся правакатары, суддзі перасталі карыстацца законам. У турмы пацяклі рэкі з дзяцей, якіх некалі накармілі спайсамі. А тыя, хто гэтыя спайсы прывёз у нашу краіну, засталіся на волі”, – расказала Таццяна Канеўская.

Яна падкрэсліла, што ў турмах сёння сядзяць толькі закладчыкі і спажыўцы. І толькі 2% апраўдальных прысудаў.

“Каб улады пачалі гэта разумець, мне і яшчэ 14 маці давялося зладзіць галадоўку. У краіне для жыцця маці ладзяць галадоўку. А пасля галадоўкі я сутыкнулася з іншай праблемай – гэта дэпутаты. Сённяшнія дэпутаты прызначаюць і працуюць для ўлады, а не для людзей. Яны прымаюць толькі законы, якія спускаюцца зверху. Дык нашто нам такія дэпутаты?” – задалася пытаннем кандыдатка.

Паводле яе, ёй патрэбныя дэпутацкія паўнамоцтвы, каб правесці рэформу судовай і праваахоўнай сістэмаў, каб суддзі абіраліся, а не прызначаліся, каб законы працавалі для ўсіх, каб адвакаты не залежалі ад выканаўчай улады, каб рэальна працавала сістэма абскарджвання, каб умовы ўтрымання не прыніжалі чалавека, каб пакаранне адпавядала злачынству.

“Дзеці не павінны сядзець у турме. Яны павінны знаходзіцца дома побач з бацькамі”, – падкрэсліла Таццяна Канеўская.

Болей навін