«Адзіны шанец патрапіць у СМІ». Кандыдатка здзівіла гледачоў сваім тэлевыступам (відэа)

02 лістапада 2019 12:22  |  Палітыка

«Адзіны шанец патрапіць у СМІ». Кандыдатка здзівіла гледачоў сваім тэлевыступам (відэа)

 

Актывістка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Ева Сапрыгіна, якая вылучаецца кандыдатам у дэпутаты ў Жодзінскай выбарчай акрузе №64 ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, здзівіла гледачоў сваім тэлезваротам.

Нязвыклы макіяж, чытанне верша пра важнасць Канстытуцыі, захаванне правоў і свабодаў, філасофскія разважанні глядзяцца нязвыкла сярод выступаў іншых кандыдатаў.

«Чалавек, яго правы і свабоды з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Калі гэта ўсвядоміць, то наша грамадства і чалавек у ім раскрыюць свой патэнцыял і раэлізуюць наканаванне», – заявіла Сапрыгіна.

Актывістка заклікала дапамагчы людзям навокал, навучыцца не толькі выжываць, але і ствараць. У прыватнасці, яна адзначыла важнасць «вяртання авоські» – пераходу на пакеты, якія змогуць раскладацца і пра якія на галоўнай старонцы пішуць дзяржаўныя СМІ.

У каментары belsat.eu сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі адзначыў, што таксама быў здзіўлены вобразам і выступам Евы Сапрыгінай. Разам з тым, паводле яго, перформанс актывісткі нагадаў пра тое, чым з’яўляюцца выбары ў Беларусі.

«Тут шмат якія дэмакраты так захапіліся, што з іх выступаў можа скласціся ўражанне, што ў краіне праходзяць свабодныя выбары. Ева Сапрыгіна нагадала, што выбары ў Беларусі – гэта спектакль, а галоўная тэма для ўладаў і дзяржаўных СМІ – гэта пакеты, што раскладаюцца, а не выбары», – падкрэсліў палітык.

Ён таксама падкрэсліў, што часцяком такія экстравагантныя выступы – гэта ледзь не адзіны шанец для апазіцыйных кандыдатаў патрапіць на старонкі нават незалежных выданняў, якія «піяраць праўладных кандыдатаў – Савіных [былога амбасадара ў Турцыі Андрэя Савіных. – Рэд. belsat.eu], Марзалюка [дзейнага дэпутата Ігара Марзалюка. – Рэд. belsat.eu], Васілевіч [«Міс Беларусь-2018» Марыю Васілевіч, якая была заўважаная ў атачэнні Аляксандра Лукашэнкі. – Рэд. belsat.eu], а іх апанентаў не заўважаюць».

Belsat.eu

Болей навін