Сотні людзей прыйшлі на мітынг у Гомлі. Улады адключылі ім святло (відэа)
У Гомлі 15 лістапада на паркоўцы ля гандлёвага цэнтру прайшоў супольны мітынг дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты. Паводле падлікаў сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, удзел у акцыі ўзялі некалькі сотняў чалавек – некаторыя з іх удзельнічалі ад пачатку і да канца падзеі, іншыя – падыходзілі і праз некаторы час сыходзілі.
Палітык адзначыў, што ўлады адмыслова выключылі асвятленне, каб у цёмны час выпадковыя мінакі не ўбачылі мітынгу. Таксама яны перашкаджалі збіраць сцэну для выступу і не далі давезці гукаўзмацняльную апаратуру.
Відавочцы заяўляюць, што бачылі, як шэсць чалавек адмыслова адключалі святло.
“Гэта цемра – гэта сімвал беларускай улады. Гэта сімвал таго рэжыму, які сёння кіруе. Яны баяцца людзей панічна. Цемра – гэта іх імя”, – заявіў Віталь Рымашэўскі.
Сустаршыня БХД таксама выступіў на мітынгу:
“Тое, што Ярмошына сёння творыць на выбарах, – гэта бязмежжа. Укіды, каруселі, выдаленне незалежных назіральнікаў з участкаў.Яны думаюць, што людзі гэта не бачаць, не разумеюць і не ведаюць. У нашай краіне ўлада адабрала наша галоўнае права – права абіраць сабе ўладу”, – заявіў ён.