Кандыдаты ад МХД напісалі заявы пра непрызнанне выбараў (абноўлена)
Кандыдаты ў дэпутаты ад Маладых хрысціянскіх дэмакратаў – Ігар Лабкоў (Заслаўская акруга № 77), Надзея Гацак (Чкалаўская акруга №96) і Валянцін Фралоў (Васняцоўская акруга № 93) – 19 лістапада падалі заявы ў Цэнтральную выбарчую камісію пра тое, што адмаўляюцца прызнаваць афіцыйныя вынікі выбараў.
Свае заявы яны абгрунтавалі вынікамі назірання ад кампаній “Права выбару” і “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, а таксама справаздачай місіі БДІПЧ АБСЕ.
Кандыдаты таксама патрабуюць правядзенне перавыбараў з улікам рэкамендацыяў незалежных і міжнародных назіральнікаў.
“Тое, што адбывалася на падліку галасоў, інакш як фарсам назваць нельга. Як сведчаць незалежныя назіральнікі, яўка была накручаная ў разы. Цэнзура на тэлебачанні, павальная нерэгістрацыі і пазбаўленне рэгістрацыі кандыдатаў і назіральнікаў сведчаць пра тое, што сапраўдных выбараў не было”, – заявіла Надзея Гацак.
У сваю чаргу Валянцін Фралоў адзначыў, што, нягледзячы на афіцыйныя вынікі, працягне працаваць на сваёй акрузе, а не сядзець у кабінеце як афіцыйная дэпутатка.
“Я быў не толькі альтэрнатыўным кандыдатам, але яшчэ і назіральнікам, таму не веру ў справядлівасць гэтых выбараў. Мы з маім калегам Дзянісам Ганчаровым назіралі на 405 участку і пры нас дапісалі некалькі сотняў чалавек. Пра гэта мы таксама паведамілі місіі АБСЕ”, – дадаў актывіст.
“Я быў назіральнікам, на свае ўласныя вочы зафіксаваў шмат парушэнняў: шмат карусельшчыкаў, сябры камісій накручвалі яўку. І гэта далёка не ўсё”, – адзначыў Ігар Лабкоў, які падчас назірання быў выдалены з участку.
Раней з заявай пра непрызнанне выбараў у Горадні выступіў кандыдат ад МХД Яўген Дудкін.