Віталь Рымашэўскі абмеркаваў з кіраўніцтвам Еўракамісіі ды Еўрапейскай народнай партыі парламенцкія і прэзідэнцкія выбары ў Беларусі
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі на кангрэсе Еўрапейскай народнай партыі ў Заграбе сустрэўся з кіраўніком Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляйдэн, а таксама прыняў удзел у сустрэчы кіраўнікоў партый ЕНП, уключаючы Ангелу Меркель, Себасцьяна Курца, новага кіраўніка ЕНП Дональда Туска і іншых. На сустрэчы абмяркоўвалася бягучая палітычная сітуацыя ў краінах, дзе прадстаўлена Еўрапейская народнай партыя.
Віталь Рымашэўскі адзначыў:
«Мы абмяркоўвалі ў тым ліку сітуацыю ў Беларусі ў кантэксце мінулай выбарчай кампаніі, а таксама наступных прэзідэнцкіх выбараў. Я адзначыў, што гіперлаяльная пазіцыя да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, пачатак дэ-факта прызнання нелегітымнай Палаты прадстаўнікоў еўрапейскімі парламентамі, у тым ліку, справакавалі пагаршэнне палітычнай сітуацыі ў Беларусі і правядзенне найгоршай за апошнія 10 гадоў выбарчай кампаніі.
Таксама звярнуў увагу на тое, што дэмакратычныя краіны ў апошняе дзесяцігоддзе прайграюць наступ аўтарытарызму і гібрыдную пагрозу ў Еўропе. Грузія, Украіна, правакацыі ў краінах Еўропы з боку Расеі, бесперапынныя спробы ціску на Беларусь з мэтай фактычнай анэксіі – гэта пагроза не толькі для незалежнасці і дэмакратыі нашай краіны, але і для бяспекі ўсёй Еўропы.
У нас было досыць адкрытае абмеркаванне, і я бачу, што ёсць разуменне неабходнасці выпрацоўкі эфектыўных механізмаў супрацьдзеяння новым выклікам аўтарытарызму. З спадарыняй Урсулай фон дэр Ляйдэн, кіраўніком Еўрапейскай камісіі, мы гаварылі пра тое, што неабходна сумесна выпрацоўваць механізмы эфектыўнага процідзеяння гібрыднай пагрозе і аўтарытарызму ва Усходняй Еўропе. Я хачу адзначыць, што яна вельмі адкрытая да праблем Беларусі і наша задача ў тым, каб увага Еўрапейскага Саюза да Беларусі не адыходзіла, нягледзячы на тыя праблемы, якія яны маюць унутры ЕС, у тым ліку з Брэксітам.
ЕНП па-ранейшаму застаецца галоўнай палітычнай сілы, якая кіруе Еўрапейскім Саюзам, і я ўпэўнены, што нам удасца заангажаваць і новага кіраўніка Еўрапейскай народнай партыі Дональда Туска і Еўрапейскую камісію да актыўнага ўдзелу ў працэсах, якія адбываюцца ў Беларусі і Усходняй Еўропе. З спадаром Туска мы дамовіліся аб правядзенні шэрагу сустрэч па Беларусі з удзелам еўрапарламентарыяў. Будзем абмяркоўваць сітуацыю пасля парламенцкай кампаніі і новыя выклікі, звязаныя з прэзідэнцкай кампаніяй 2020 года».