Севярынец: 7 снежня – плошча Каліноўскага (відэа)

04 снежня 2019 20:49  |  Галоўныя навіны

Севярынец: 7 снежня – плошча Каліноўскага (відэа)

 

Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец заклікаў беларусаў пратэставаць супраць “паглыбленай інтэграцыі” з Расіяй.

На сваёй старонцы ў фэйсбуку палітык піша:

“Паводле апошняй інфармацыі, Лукашэнка і Пуцін збіраюцца дамовіцца пра паглынанне Беларусі 7 снежня ў Cочы. 6 снежня Румас будзе размаўляць з Мядзведзевым. Усе іх краплёныя дарожныя карты рыхтуюцца поўнай хадой.
Асноўных беларускіх вулічных завадатараў, у тым ліку і мяне, збіраюцца судзіць 5 снежня, якраз падчас гістарычнай і эпахальнай прамовы Лукашэнкі перад прызначаным ім “парламентам”. Ясна, што будуць ізаляваць.
Мне зразумелыя меркаванні, маўляў, гэта чарговая частка мерлезонскага балету пра інтэграцыю, і што Лукашэнка ніколі ня пойдзе і т. д. Хацелася б, каб так было. Але. Калі вы думаеце, што гэта ўсё пустыя словы і пустыя паперкі – глыбока памыляецеся.
Масква паўтарае тое, што яна ўжо рабіла ў 1772, 1793 і 1795 годзе. Спярша эканамічным, юрыдычным, карупцыйным, інфармацыйным, вайсковым шляхам нас карпатліва прывязваюць да Расеі, а потым застаецца прыбраць з шахматнай дошкі пару фігураў, тыпу Панятоўскага альбо Лукашэнкі – і аншлюс.
Без зялёных чалавечкаў і заходніх санкцыяў.
У выпадку грубага ламання закону бачнасць закону павінна вытрымлівацца асабліва дбайна, як казаў класік.
Што ж рабіць нам?
А нам застаецца толькі малітва да Бога і адкрыты пратэст.
Вось ужо трэція суткі, як навіны пра агульны ўрад, парламент і дамовы гуляюць па Беларусі. Акрамя пратэсту 7 снежня я ня бачыў ніводнай канкрэтнай прапановы, ніякіх іншых ясных захадаў і заклікаў.
Хтосьці піша: 7-га позна. Хтосьці піша: 7-га рана.
Калі паглядзець цвяроза, 7 снежня – адзіная дата. Калі Лукашэнка і Пуцін будуць размаўляць пра дзяржаўную здраду, любы пратэст выбухае ў інфармацыйнай прасторы. Нават калі на вуліцы трыста спартанцаў на чале з Нінай Багінскай, пяцьдзясят журналістаў і сотня ціхароў.
Калі ніякага пратэсту 7 снежня ня будзе, таварыш Пяскоў зможа спакойна паўтарыць словы здрадніка Анквіча на Немым Сойме ў Гародні 1793-га:
– Молчаніе есть знак согласія.
Кажуць, што прастора завялікая для пратэсту.
Але гэта плошча Каліноўскага. Пасля Божага цуду на гары Гедзіміна, па-мойму, тут адзінае месца для такога пратэсту.
Пішуць, што трэба было рыхтаваць і яднаць апазіцыю.
Яшчэ з канца верасня я размаўляў з лідарамі беларускіх дэмакратычных сілаў пра масавыя акцыі ў падтрымку незалежнасці з асноўнай 7 снежня. Мікалай Статкевіч, “Еўрапейская Беларусь”, Рух салідарнасці “Разам” такія акцыі рабілі, і я на іх быў. За два месяцы на сустрэчах у больш як дваццаці гарадах Беларусі я прасіў людзей рыхтавацца 7 снежня ехаць у Менск.
Магутная маніфестацыя прайшла ў Вільні ў дзень пахавання Каліноўскага і паўстанцаў.
Гэта і была падрыхтоўка, на якую мы з вамі аказаліся здольныя.
Цяпер мы стаім перад яўным фактам здачы дзяржавы. У нас ужо няма трох месяцаў. У нас тры дні.
З’яднаць за гэты час апазіцыю, як і за папярэднія 25 гадоў, нам не ўдалося. Як памірыць Пазьняка, Статкевіча, партыйцаў і блогераў паміж сабой, не ўяўляю.

Справа за намі.
Хто здольны – маліцеся. Хто гатовы – стаўце перапосты, нясіце гарбату, збірайце грошы на падтрымку сем’ям затрыманых.
Калі мяне заграбуць да суботы (а гэта 99%) – дакладна ведаю, што на пратэстах будуць людзі, маральна гатовыя да хапуна, цёпла апранутыя, са сцягамі, здольныя прынамсі расказаць журналістам, Беларусі і ўсяму свету, чаму яны супраць аншлюсу.
Іх будзе больш, чым вы думаеце – не буду называць колькасць і прозвішчы са зразумелых прычынаў.
Чытаючы гісторыю здачы Рэчы Паспалітай у васемнаццатым стагоддзі, я ніяк ня мог даўмецца: ЯК можна было так бяздарна, моўчкі, седзячы па сваіх нішах, здаць дзяржаву.
Цяпер пачынаю разумець.
Але веру, што ў сённяшняй Беларусі знойдуцца тыя, хто верыць, можа і пераможа.

Таму 7 снежня а 12.00 мы выйдзем з пратэстам на Плошчу Каліноўскага (Кастрычніцкую).
Жыве Беларусь – з Богам!”

Болей навін