Пратэсты 20 і 21 снежня. Як і што будзе (відэа)

16 снежня 2019 15:03  |  Галоўныя навіны

Пратэсты 20 і 21 снежня. Як і што будзе (відэа)

 

Арганізатары акцыяў супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй паведамілі план пратэстаў на 20 і 21 снежня.

Паводле іх, акцыя распачнецца на Кастрычніцкай плошчы 20 снежня а 18:00 і працягнецца не менш за тры гадзіны. Пра гэта заявіў сустаршыня БХД Павел Севярынец сёння падчас адмысловай прэс-канферэнцыі.

«Калі плошча будзе адкрытая і нам дадуць там сабрацца, то да 18.20 мы чакаем удзельнікаў, потым ідзем да месца правядзення мітынгу, дзе плануюцца ў тым ліку масавыя спевы нацыянальных гімнаў – «Магутны Божа», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Далей плануецца шэсце па праспекце Незалежнасці», – сказаў Севярынец.

Шэсце плануюць правесці да Нямігі і па вуліцы Зыбіцкай вярнуцца назад на Кастрычніцкую плошчу. Там чакаецца, што ўдзельнікі ўстануць у «жывы ланцуг» уздоўж праспекту.

«Мы чакаем, што людзей будзе больш, чым было 7 і 8 снежня», – прагназуе палітык.

Павел Севярынец распавёў, што 17 снежня а 12.00 арганізатары перададуць у Менгарвыканкам паведамленне аб намеры правесці акцыю 20 снежня.

«Мы не рыхтуем ніякіх гвалтоўных дзеянняў, гэта мірныя пратэсты і міліцыя сама павінна быць зацікаўленая ў размове», – патлумачыў ён.

Паводле Севярынца, у арганізатараў пратэстаў існуе і «план Б» на выпадак, калі ўлады будуць перашкаджаць збору людзей, аднак агучыць яго журналістам адмовіўся «з меркаванняў бяспекі». Палітык дадаў, што на плошчы будзе працаваць «група бяспекі», якая пастараецца забяспечыць парадак, але колькасць «ахоўнікаў» таксама не назваў.

Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі заявіў, што працяг пратэсту адбудзецца а 14.00 21 снежня, папярэдне – на Кастрычніцкай плошчы. Магчыма, і пра гэтую акцыю арганізатары афіцыйна папярэдзяць гарадскія ўлады, адзначыў ён.

Сярод іншых захадаў плануецца зварот да беларускіх сілавікоў, які агучаць на гэтым тыдні. Таксама неўзабаве стане вядома, што плануюць рабіць прадстаўнікі беларускіх дыяспараў у свеце. Кіраўнік «Еўрапейскага дыялогу» Анатоль Лябедзька дадаў, што акрамя непасрэднай падрыхтоўкі да акцыі, аргкамітэт патрабуе «тэрміновай сустрэчы» з прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам.

На думку старшыні ТБМ і экс-дэпутаткі Алены Анісім, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў мусяць распавесці грамадскасці ўсё, што вядома па змесце перамоваў паміж Менскам і Масквой. «Гэта было б нармальным падыходам уладаў да небяспекі, якая паўстала перад краінай» – сказала яна.

Напрыканцы Павел Севярынец паведаміў, што яму вядома пра позвы ў міліцыю і суды «як мінімум 15 удзельнікам акцый 7-8 снежня». Ён заклікаў усіх, хто зазнаў пераслед, звяртацца да арганізатараў па дапамогу.

Прадстаўнікі палітычных партый і рухаў падчас прэс-канферэнцыі ў офісе БСДП (Г) 16 снежня агучылі зварот да расейскай грамадскасці, заклікаўшы да «салідарнасці ў абарону незалежнасці Беларусі».

У звароце, пад якім падпісаліся БХД, АГП, БСПД (Г), «Народная Грамада», партыя «Зялёныя», КХП-БНФ ды іншыя, гаворыцца, што інтэграцыя «вядзе да ліквідацыі беларускай дзяржаўнасці і фактычнай анексіі».

«Цяпер у Крамлі рэалізуюць імперскія планы супраць Беларусі і хочуць назаўжды ператварыць беларусаў і расейцаў у ворагаў. Далучэнне да РФ Беларусі непазбежна прывядзе да яшчэ большай ізаляцыі Расеі на міжнародным узроўні як краіны-агрэсара, што зноў ударыць па дабрабыце звычайных расейцаў», – адзначаецца ў дакуменце.

Беларускія апазіцыянеры таксама выказалі ўдзячнасць тым, хто выходзіў на пікеты супраць інтэграцыі ў Расеі і папрасілі іх і далей далучацца да падобных пратэстаў.

«Мы заклікаем вас не пасягаць на чужую незалежнасць, а разам салідарна змагацца за ўстанаўленне ў нашых краінах дэмакратыі», – дадаюць аўтары звароту.

Як паведаміў belsat.eu Анатоль Лябедзька, гэты зварот будзе апублікаваны ў сацсетках, а таксама накіраваны асабіста некаторым расейскім апазіцыйным палітыкам – Леаніду Гозману, Уладзіміру Рыжкову ды інш.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што адрознівае «планы расейскага ўраду і расейскага грамадства» і ў сувязі з гэтым просіць удзельнікаў далейшых акцый у Беларусі «не выкарыстоўваць лозунгі, якія абражаюць расейскіх грамадзянаў».

Нагадаем, пікеты супраць інтэграцыі адбыліся 7-8 снежня ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.

КА belsat.eu

Болей навін